На юбілейным з'ездзе «Маладога фронту» падвялі вынікі году і абралі кіраўніка


27-гадовы бабруйчанін Яўген Васьковіч, у 2011-м асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі за спробу падпалу будынку КДБ і прызнаны праваабаронцамі палітвязнем, абраны лідарам арганізацыі.

Сёлета паспяхова абаранілі Курапаты ад забудовы, летась – ушасцёх сабралі дзесяць тысячаў подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг.

«Не трэба баяцца. Проста дастаткова выказваць сваю ідэю, свае думкі, і ўсё будзе атрымоўвацца», – кажа актывіст «Маладога фронту» Мікіта Наглін.

Яны дэкларуюць барацьбу за моцную і незалежную Беларусь, якая ганарыцца сваёй гісторыяй і мовай ды шануе дэмакратычныя каштоўнасці.

«Мы на сённяшні дзень прыйшлі да адной галоўнай высновы – трэба вельмі крытычна ацаніць свае сілы. Мы іх ацанілі ў межах некалькіх дзясяткаў актывістаў. І тое, што мы можам, сыходзячы з працоўнай занятасці, з сямейнага становішча, мы робім. І шмат якія людзі ацэньваюць гэта вельмі пазітыўна. Гэта галоўнае. Не пагоня за спісачным складам нейкім, не пагоня за неіснуючымі актывістамі, 500 тысяч іх там у БРСМе ці па пяць тысячаў у кожнай партыі, а канцэнтруемся на непасрэднай дзейнасці», – каментуе былы старшыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч.

Заснаваны дваццаць гадоў таму «Малады фронт» сёння правёў дзясяты, юбілейны зʼезд.

Вынікам сустрэчы стала вяртанне старшынства пасля двух гадоў кіравання Сойму. Новым лідарам абралі былога палітвязня Яўгена Васьковіча. Таксама арганізацыя прыняла дакумент з патрабаваннем да ўладаў Беларусі, цытата, «вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсіяў супраць іншадумцаў».

«Ужо не адно і не два пакаленні змянілася ў «Маладым фронце», але, на жаль, дагэтуль мэты і задачы «Маладога фронту» застаюцца актуальнымі. Таму «Малады фронт» будзе працягваць далейшую дзейнасць», – мяркуе актывіст Уладзімір Яроменка.

Арганізацыя афіцыйна зарэгістраваная ў Чэхіі.

Сярод яе вядомых чальцоў – палітыкі Аляксей Янукевіч і Павал Севярынец, праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Уладзь Лабковіч, журналісты Юлія Дарашкевіч і Андрэй Дынько ды шмат іншых.

Што праўда, у апошнія гады на адрас «Маладога фронту» гучыць і крытыка з боку больш ліберальнай часткі палітычнага і грамадскага кола – перадусім за выказванні гамафобскага характару.

Лола Бурыева, belsat.eu, фотаздымак на застаўцы да відэа з «Фэйсбуку» Змітра Дашкевіча