Аб'ектыў 14.10.2017 На «Шкловалакне» распачнуць «веерны» двухмесячны страйк


1 лістапада полацкае прадпрыемства распачне страйк у адказ на несправядлівае стаўленне з боку кіраўніцтва.

Работнікі адкрытага акцыянернага таварыства «Полацк-Шкловалакно», якія збіраюцца страйкаваць, маюць намер спыніць пераслед і дамагчыся аднолькавага стаўлення да сябе. Абурэнне працаўнікоў выклікаў ціск, які кіраўніцтва прадпрыемства аказвае на сябраў не залежнага ад дзяржавы Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

«Кожны працаўнік, які выплачваў узносы ў прафсаюзы праз бухгалтэрыю, адчуваў на сабе псіхалагічны тэрор. Прыходзіў начальнік і ўсялякімі ўгаворамі, часамі – запалохваннямі – аказваў псіхалагічны ціск. Дзеля таго, каб чалавек спыніў пералічваць узносы», – кажа Віктар Стукаў з СПБ.

Вырашыць сітуацыю не дапамаглі ані ў аблвыканкаме, ані ў Міністэрстве працы, ані ў судах. У выніку ніводзін працаўнік цяпер не можа плаціць узносаў у незалежны прафесійны звяз праз бухгалтэрыю. Людзям наўпрост пагражаюць скасаваннем кантракту. Чым абумоўлены ціск дзяржавы на незалежныя прафзвязы ды іх сябраў?

«Натуральна, яны замінаюць уладам, адміністрацыі прадпрыемстваў. Яны ўздымаюць нязручныя пытанні, дамагаюцца падвышэння заробкаў, паляпшэння ўмоваў працы, выдачы сродкаў індывідуальнай абароны», – кажа Сяргей Антусевіч з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Незалежныя прафзвязы маюць праблемы не толькі ў Полацку, але і ў цэлым па краіне ўжо не першы год. Аднак тыя вострыя пытанні ўздымаюцца, замоўчваць робіцца ўсё цяжэй – незадаволенасць расце, а з ёю павялічваюцца і пратэставыя настроі.

Страйк у Полацку, паводле арганізатараў, будзе мець «веерны» характар: працаўнікі самыя будуць пастанаўляць, у які дзень і ў якой форме прымаць у ім удзел: працаваць больш марудна ці ўвогуле адмовіцца ад працы.

«На працягу гэтага перыяду мы будзем інфармаваць людзей аб іх праве – што гэта законна, і як можна дамагацца сваіх правоў менавіта гэтым метадам. Гэта апошні метад, усе астатнія ў нас не працуюць», – дадае Віктар Стукаў.

З 1-га лістапада і да канца года. Мяркуюць, што менавіта ў гэтым перыядзе будуць адбывацца пратэсты. Паводле беларускага заканадаўства, начальнік не можа забараніць працаўніку браць удзел у страйку. За гэта прадугледжаная нават крымінальная адказнасць.

Сцяпан Святлоў

Глядзі таксама
Каментары