Аб'ектыў 06.07.2017 На сесіі АБСЕ ў Менску раскрытыкавалі палітыку Лукашэнкі


100 пунктаў для захавання правоў чалавека, аднак фактычна ніводны з іх не закранае грамадзянскіх і палітычных правоў. Выступаючы на паралельным мерапрыемстве пра сітуацыю ў Беларусі ў межах сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, адмысловы спавяшчальнік ААН Міклаш Харасці крытычна ацаніў міжведамасны план у сферы правоў чалавека, які афіцыйны Менск прыняў летась.

«Часамі ўрад Беларусі губляе кантроль над сваймі грамадзянамі і пачынае праводзіць масавыя рэпрэсіі ў залежнасці ад сваіх інтарэсаў на міжнароднай арэне. Дастаткова ўспомніць пратэсты ў сакавіку гэтага года, што выклікалі вялікую занепакоенасць сярод міжнародных праваабарончых структураў», – заявіў Міклаш Харасці.

Не хавае расчаравання і суседняя Літва

Напярэдадні рэзалюцыю пра сітуацыю ў Беларусі вырашылі не выносіць на галасаванне сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Дакумент, між іншага, утрымліваў крытыку з нагоды парушэння правоў чалавека ў нашай краіне, а таксама жадання афіцыйнага Менску працягваць будаўніцтва АЭС у Астраўцы.

Беларускія палітыкі распавялі праўду пра парушэнні правоў

Падчас сустрэчы ўдзельнікі дыскусіі нагадалі прадстаўнікам АБСЕ пра шэраг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Гэта і ўжыванне практыкі смяротнага пакарання, і пераслед незалежных журналістаў, і збіццё актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці падчас акцыяў пратэсту.

«А тое, што датычыць палітычных правоў – нават я, як апазіцыйны дэпутат не магу правесці сустрэчу са сваймі выбарнікамі на адкрытай пляцоўцы, не атрымаўшы дазвол у адміністрацыі ці выканкаму», – абурылася дэпутатка парламенту Ганна Канапацкая.

Казалі сёння і пра фігурантаў так званай «Справы патрыётаў»

Кіраўніца прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын заявіла, што рада вызваленню «патрыётаў», аднак Еўразвяз, нягледзячы на пазітыўныя змены, будзе і надалей сачыць за сітуацыяй у Беларусі.

«Што датычыць правоў чалавека. Трэба разумець толькі адное. Ёсць такая арганізацыя, як ПА АБСЕ. Усе краіны, якія там у складзе, мусяць выконваць тыя патрабаванні, якія закладзеныя пры ўступленні ў склад ПА АБСЕ», – падтрымаў крытыку ў бок уладаў, Сяргей Гайдукевіч, лідар партыі «ЛДБП».

Лукашэнка таксама за правы чалавека!

Аляксандр Лукашэнка ўжо неаднаразова заяўляў пра імкненне адпавядаць стандартам АБСЕ, як, напрыклад, падчас выступу напярэдадні.

«Вяршэнства закону, дэмакратыя – мы робім усё, каб іх у Беларусі было не меней, чым у іншых краінах Еўропы», – даводзіў прысутным кіраўнік Беларусі.

А ўжо сёння, сустракаючыся з дэлегацыяй Кангрэсу ЗША, Лукашэнка заявіў, што Менску вядомыя чаканні амерыканскага боку ў галіне правоў чалавека, і Беларусь гатовая іх абмяркоўваць у любым фармаце і месцы. Вось толькі ці гатовыя ўлады практычна пацвердзіць такія намеры?

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Pol Dip / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары