Аб'ектыў 20.01.2018 На Кубку свету Дар’я Домрачава ўзяла бронзу замест срэбра праз fair play


Біятлон

Дар’я Домрачава сталася ўладальніцаю бронзавага медаля на шостым этапе Кубка свету па біятлоне, што прымае Антгольц/Антэрсэльва. Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Сочы ў гонцы пераследу стартавала чацвёртая, аднак ужо хутка выйшла на лідарную пазіцыю.

На першай лініі агню беларуска была дакладная, а вось пры другім заходзе на стрэльбішча Даша ўжо зарабіла адно штрафное кола, аднак гэта не паўплывала на ейную пазіцыю. Домрачава па-ранейшаму вяла барацьбу за першае месца з немкаю Ляўраю Дальмаер (якая ў выніку і перамагла), аднак яшчэ адна хіба на апошняй стойцы не дазволіла Дашы змагацца за золата. Ужо на апошніх метрах дыстанцыі беларуска змагалася за срэбра з італьянкаю Даратэяй Вірэр, аднак умудрылася наехаць лыжай і зламаць палку суперніцы. У выніку Домрачава магла абагнаць суперніцу, але праявіла «фэр-плэй» і дазволіла італьянцы фінішаваць другою. Нашая Надзея Пісарава заняла 49-ты радок, адразу за ёю размясцілася Дзінара Алімбекава. У мужчынскім пэрсьюце перамог нарвежац Ёганэс Бё, Уладзімір Чапелін апусціўся з дзявятага месца пасля спрынту на 45-ты радок.

Хакей

Дэрбі двух дынамаўскіх камандаў адбылося сёння ў Рызе, а матч прайшоў на адкрытым паветры адной са школьных пляцовак, якую адмыслова для сустрэчы перабудавалі. На гэтым двубоі, які за ўсю гісторыю Кантынентальнай хакейнай лігі толькі другі раз адбыўся на дварэ, прысутнічалі крыху больш за 10 тысячаў гледачоў, а менскае «Дынама» атрымала валявую вікторыю 3:2.

Упершыню ў чэмпіянаце КХЛ матч на адкрытым паветры правялі сёлета другога снежня ў Хельсінкі, дзе мясцовы «Ёкерыт» саступіў піцерскаму СКА 4:3. Пачалося ўсё для «зуброў» вельмі жахліва, і ўжо да 34-ай хвіліны мы прагульвалі ўсухую 0:2. Аднак затым Джастын Фантэйн скарыстаўся з колькаснай перавагі сваёй каманды і адну шайбу адквітаў. Далей клуб з Менску ўзмацніў ціск на браму гаспадароў і яшчэ да другога перапынку лік зраўняў, а вызначыўся Дзяніс Восіпаў. Трэці перыяд прайшоў ва ўзаемна вострай барацьбе, а пераможную шайбу «зубры» закінулі на 56-ай хвіліне сустрэчы, яе аўтарам стаўся Уладзімір Дзянісаў. Наступны матч у рэгулярцы менскае «Дынама» правядзе ў панядзелак на хатняй пляцоўцы супраць «Адмірала» з Уладзівастоку.

Тэніс,Australian Open

Максім Мірны пакідае корты Australian Open і ў міксце. Для беларуска-кітайскага тандэму сталася непераадольным нават першае кола спаборніцтваў. Мірны разам з Пэн Шу Ай зазналі паразу ў двух сэтах з аднолькавым лікам 4:6 ад дуэту Андрэя Главачкава (Чэхія) / Эдуар Ражэ-Васэлен (Францыя). У мужчынскай частцы на кортах Мельбурну застаўся адзін беларус, гэта Андрэй Васілеўскі, які ў пары з чылійцам Гансам Кастыллё дакрочыў да 1/8 фіналу.

 

Фота – © Pierre Teyssot / Maxppp

Глядзі таксама
Каментары