Аб'ектыў 26.07.2017 На гары Гедыміна знайшлі парэшткі кіраўнікоў паўстання Каліноўскага


Парэшткі, імаверна, аднаго з кіраўнікоў паўстання Кастуся Каліноўскага знайшлі на пляцоўцы гары Гедыміна. Падчас добраўпарадкавання тэрыторыі Літоўскага нацыянальнага музею група археолагаў выявіла чатыры магілы. У адной з іх асобна было пахаванае цела, якое з вялікаю доляй верагоднасці і магло належаць Зігмунду Серакоўскаму.

«Антраполагі пакуль глядзелі ў палявых умовах, яны прывязуць цела ў лабараторыю, паспрабуюць дакладней яго агледзець, будуць рабіць параўнанне чэрапа і дастаткова дакладных фотаздымкаў, бо мы маем фотаздымкі Серакоўскага. І тады, думаю, антраполагі пацвердзяць нашую гіпотэзу», – зазначыў археолаг Валдас Сцяпанайціс.

Чаму ўсе так упэўненыя, што гэта паўстанцы?

У гісторыкаў ёсць падстава сцвярджаць, што перад імі – парэшткі аднаго з найбольш вядомых удзельнікаў паўстання. Разам з целам былі дэталі вопраткі ды асабістыя рэчы. А менавіта – медальён і заручальны пярсцёнак, на якім выгравіраваныя імёны Зігмунда і ягонай жонкі.

Гісторыкі, якія даследавалі біяграфію Серакоўскага, сцвярджаюць, што яго напаткала вельмі ганебная для прадстаўнікоў шляхты кара – смерць праз павешанне, праз тое, што не здаў паплечнікаў.

«Некалькі гадзінаў адбываўся суд, дзе яму казалі, што ён можа адмовіцца ад усяго, яму даруюць, ён вернецца да сваёй жонкі, але ён адмовіўся. У выніку быў прыгавораны да смяротнага пакарання», – распавядае гісторык Васіль Герасімчык.

Зігмунд Серакоўскі спрычыніўся да рыхтавання паўстання

Будучы кіраўніком таварыства Серакоўскага-Дамброўскага, ён рыхтаваў будучыя кадры. З пачаткам вайсковых дзеянняў яго прызначылі камандзірам войскаў Ковенскай губерніі. Ягоны атрад, што налічваў пяць тысячаў чалавек, разбілі ўрадавыя войскі.

Юлія Лабанва, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары