Аб'ектыў 24.11.2016 На акцыю да гадавіны рэферэндуму-96 прыйшло каля 100 асобаў


Каля сотні людзей на чале з Міколам Статкевічам ды Уладзімірам Някляевым выйшлі на плошчу Свабоды ў сталіцы ды запатрабавалі вярнуць уладу народу.

Роўна 20 гадоў таму адбыўся рэферэндум, які канчаткова замацаваў уладу Аляксандра Лукашэнкі і паклаў канец дэмакратычным каштоўнасцям у нашай краіне.

Шмат каго з удзельнікаў акцыі на плошчы Свабоды яе ініцыятар Мікола Статкевіч павітаў асабіста.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, БЫЛЫ КАНДЫДАТ НА ПРЭЗІДЭНТА:

«Заўсёды мае сэнс, колькі людзей прыходзіць. Але дастаткова, што нехта прыйдзе. Я ўжо прыйшоў, і не адзін».

На мітынг прыехалі з розных гарадоў і прынеслі плакаты, на якіх выказалі адносіны да існай улады ды да рэферэндуму, што змяніў лёс Беларусі, замацаваўшы ўладу Аляксандра Лукашэнкі, ды ўскладніў працэдуру імпічменту, да якога тады ледзь не дайшло.

Сярод удзельнікаў акцыі традыцыйна вылучаліся людзі ў чорным ды з рацыямі. Прайшло без затрыманняў. Хоць да апошняга моманту не было ясна, ці мітынг разгоняць: заяўку на яго правядзенне ў Менгарвыканкам не падавалі.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, БЕЛАРУСКАЯ ХРЫСЦІЯНСКАЯ ДЭМАКРАТЫЯ:

«За 20 гадоў, маючы 15 тысячаў гэбістаў, 50 тысячаў войска, 70 тысячаў чыноўнікаў і 100 тысячаў міліцыянтаў, рэжым не змог заткнуць рот тым людзям, якія за праўду, свабоду, справядлівасць».

Акцыя доўжылася каля 40 хвілінаў. На заканчэнне ўдзельнікі мітынгу праспявалі «Магутны Божа» – гімн той Беларусі, якую дабілі 20 гадоў таму.

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ, ПАЭТ:

«20 гадоў таму адбылася нацыянальная параза, нацыянальная ганьба – можна сказаць, гэта дзень нацыянальнай ганьбы. У які тады выявілася слабасць беларусаў як нацыі і слабасць нацыянальнай эліты, якая не здолела перагарадзіць шлях дыктатуры, хоць ужо тады дакладна ўяўляла, што такое Лукашэнка».

Але наўрад ці хто ўяўляў, наколькі ягоная ўлада зацягнецца. І якія яшчэ змены ён ажыццявіць.

Марына Вашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары