Мёрскія журавы і журавіны


Напрыканцы верасня ў Мёрах традыцыйна адбываецца фэст «Журавы і журавіны». У гэты час на балоце Ельня, што месціцца побач, збіраюцца тысячы журавоў, каб неўзабаве разам паляцець у вырай. Адначасова на балоце саспяваюць першыя журавіны.

З 2012 года адбываецца фэст «Журавы і журавіны» з песнямі, птушкамі і канешне журавінамі. Ягады – галоўнае багацце раёна.

«Гэта радзівілаўская закуска з арэхавай пасты, у арыгінале гэта вішня, але ў нас фестываль не вішнёвы, а фэст журавінавы, таму я зрабіла з журавінамі, таксама смачна. І мы падаем з журавінамі і ўзбітымі вяршкамі», – расказвае экспертка па старажытнай кухні Алена Мікульчык.

«Тут выдатнае знаходзіцца балота Ельня, каторае становіцца важным аэрапортам для журавоў, для тысячы журавоў на працягу шмат год. Мы лічым, што гэта вельмі здорава прыцягваць увагу, каб прыязджала як мага больш турыстаў», – кажа прадстаўніца ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Наталля Саракавік.

Наведнікі фэсту:

«З Менску ў Ельню прыехалі, пазнаёміліся з выдатнымі хлопцамі, падвезлі да Мёраў і расказалі, што ў вас тут свята. Так мы тут аказаліся. Вот ужо кніжку выйгралі і птушку зрабілі».

«Мы сёння бачылі журавоў, таму што я бачыў іх толькі калі яны ляцелі далёка пару раз у сваім жыцці.»

«На самой справе на балоце Ельня гняздзіцца каля 50 пар шэрых журавоў, а тыя хто зараз знаходзіцца тут, гэта ў асноўным птушкі, якія гнездаваліся ў Прыбалтыцы, у Фінляндыі, у Ленінградскай вобласці, яны ўсе збіраюцца на гэтым балоце, таму што гэта такое месца, дзе вельмі зручна для іх праводзіць ноч», расказвае арнітолаг Сямён Левы.

Цяпер на Ельні каля трох тысяч журавоў, у пік тут бывае да шасці тысяч. Пабачыць іх яшчэ можна да сярэдзіны кастрычніка, калі яны распачынаюць свой шлях у вырай.

Наста Кахановіч, «Белсат»