«Мы хочам нараджаць у радзільнях. Але хочам павагі». Беларускі бароняць хатнія роды


Жанчыны хочуць чалавечага стаўлення падчас адной з найважнейшых падзеяў у жыцці. Пакуль адзіны легальны спосаб нарадзіць у Беларусі – дзяржаўная радзільня.

Спрэчкі на тэму хатніх родаў узмацніліся ў Беларусі пасля суда над маці, чыё дзіцё памерла падчас хатніх родаў. Улады нават агучылі планы забараніць хатнія роды.

У адказ беларускі, якія нарадзілі ўдома, распачалі ў сацыяльных сетках флэш-моб. На здымках – жанчыны са сваймі дзеці.

«Мы ўсім сэрцам хочам нараджаць у радзільнях. Але каб пры гэтым да нас было чалавечае і гуманнае стаўленне. Стаўленне з павагаю», – кажа суарганізатарка флэш-мобу Вікторыя Смірнова.

Жанчыны падкрэсліваюць, што не заклікаюць нараджаць удома. Але хочуць паказаць, што іх шмат, і гавораць аб праблемах у дзяржаўных радзільнях. З іхных словаў, там няма індывідуальнага падыходу, шмат хамства, працэс нараджэння прыспешаны. Марыя Вашкевіч сваё трэцяе дзіця нарадзіла ўдома.

«Я нараджала, нараджала – і нарадзіла. Усё. Няма чаго распавядаць. Роды дома – гэта вельмі скушна. Гэта вось: хадзіла, хадзіла, нараджала, нараджала, мне было добра, нармальна, я паспала перад патугамі, я паспала перад патугамі! Гэта пра той узровень болі, аб тым, што звычайна ўсе кажуць, што роды гэта кашмар, вайна і апакаліпсіс», – кажа Марына Вашкевіч.

Жанчыны шукаюць камфорту пры родах. І таму падымаюць пытанне надання медычнае дапамогі ўдома. А гэта пакуль забаронена. Хаця ўсе тэхнічныя магчымасці для гэтага ўжо ёсць.

«Тэма стэрыльнасці, усіх гэтых рэчаў, – гэта акурат тэма з нашага мінулага. Тэма страха, кантролю, улады – вельмі шмат гэтакіх філасофскіх рэчаў, якія моцна заселі ў нашай ментальнасці. Але, мне падаецца, цяпер акурат настае час, калі мы можам гэта змяняць. Мы можам рабіцца і глядзець у кірунку больш цывілізаванага свету, які больш чалавечны», – кажа псіхолаг Аксана Ільюшчэня.

Але пакуль у нашай краіне не стварылі належных умоваў ні ў радзільнях, ні ўдома. Дзяржава гатовая забараняць, але не развязвае праблемы. Пытанне пра забарону хатніх родаў з’явілася сёлета пасля двух смяротных выпадкаў. Гаварылі або пра забарону, або пра неабходнасць дазволіць дапамагаць удома прыватна. Але паволі справа ўціхла. І няма ні забароны, ні дазволу.

Па-ранейшаму хатнія роды застаюцца пытаннем уласнага выбару. Але – і ўласнай адказнасці за самае дарагое.

Сяргей Падсасонны