Мужчына атрымаў год папраўчых працаў за аблітага фарбаю Леніна


Год папраўчых працаў ды 15 % заробку на карысць дзяржавы

Такі вырак абвесціў суд Бярозаўскага раёну жыхару вёскі Малеч Віталю Шылінцу, які 22-га красавіка ў роднай вёсцы абліў фарбаю бюст Леніна. У інтэрв’ю радыё «Рацыя» сваёй віны паводле крымінальнага артыкулу абвінавачаны не прызнаў.

«25 сакавіка я ўбачыў тое, што адбывалася ў Менску. Убачыў гэты страшэнны хапун. Узнікла думка, што калі людзей выганяюць з плошчаў, то трэба выкарыстоўваць нейкія іншыя метады барацьбы з рэжымам. Ну і зрабіў вось гэтае», – тлумачыць учынак спадар Шылінец.

У Магілёве тое ж самае, толькі падазраваных не знайшлі

Дзень народзінаў камуністычнага правадыра падобным чынам адзначылі і ў Берасці, а таксама ў Магілёве. Тут невядомыя таксама пафарбавалі ў колер крыві помнікі Леніну – падазраваных, якіх міліцыянты шукалі нават з сабакамі, гэтак і не знайшлі.

Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, у Беларусі не існуе аніякіх нарматыўных дакументаў, якія б рэгулявалі ахову гэткіх камуністычных помнікаў.

«Партыя камуністаў пачувае сябе свабодна. Яна можа выкарыстоўваць любыя тэрміны ў адносінах да сваіх апанентаў. І чамусьці суд не бярэцца іх разглядаць. Кажа – гэта дыскусія па навуковым пытанням. У такім выпадку я магу сказаць: у адносінах да помніка Леніну гэта была дыскусія па навуковым і ідэалагічным пытанням».

Супраць помнікаў Леніну актыўна выступаюць сябры «Маладога фронту»

Гэтак, у 2011-ым падчас чарговай гадавіны Кастрычніцкага перавароту актывісты закідалі яйкамі помнік савецкаму правадыру на плошчы Незалежнасці ў Менску. А летась маладзёны сарвалі афіцыйнае мерапрыемства адкрыцця помніку Леніну каля Трактарнага заводу.

«Давайце проста паглядзім, як называюцца нашыя вуліцы, якія помнікі стаяць у нашых гарадах. І адразу становіцца зразумелым, чаму мы так жывем. Таму што людажэры, крывавыя забойцы, якія мылі сваю ўладу мільёнамі ахвяраў, зʼяўляюцца прыкладамі для нас», – даводзіць лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч.

Тэрор і масавыя забойствы нязгодных – толькі невялікі паслужны спіс асабістых заслугаў Уладзіміра Леніна. Пасля смерці ініцыятара ды аднаго з галоўных арганізатараў «чырвонага тэрору» камуністы стварылі культ ягонай асобы, які не толькі захаваўся да сёння ў выглядзе назваў вуліц ды помнікаў па ўсёй краіне, але і гэтак рупліва працягвае ахоўваецца ўладамі Беларусі.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: realbrest.by