Адгрымеў 21-ы Чэмпіянат свету па футболе. Канцоўка мундыялю была сапраўды сенсацыйная. Французы абыгралі харватаў з лікам 4:2. Больш як 50 гадоў заўзятары не бачылі столькі галоў у фінале. Як і палітычных супярэчнасцяў. Пра не спартовы бок Чэмпіянату – Вітаўт Сіўчык.
Захапленні, радасць і сум перажыванняў. Мінуў чэмпіянат свету па футболе. А за ім пайшлі зусім неспартовыя дзеянні і ацэнкі.
У Францыі святкаванне вылілася ў беспарадкі. Дзве асобы загінулі, тры сотні чалавек пад арыштам.
Тым часам харвацкіх футбалістаў, якія атрымалі срэбра, на Радзіме сустракалі як сапраўдных чэмпіёнаў. Маленькая краіна, вялікія мары – адзін з лозунгаў зборнай.
«Краіна хоць і маленькая, але я скажу, што дасягненні краіны зусім не залежаць ад колькасці жыхароў. Гэта даказвае прыклад Нарвегіі ў зімовых відах спорту. Альбо балканскія краіны ў гульнявых відах спорту», – кажа Сяргей Южык з выдання «Прессбол».
Вяртаючыся да самога фінальнага матчу, багаты ён быў не толькі на мячы. Сярод гульні на поле ў міліцэйскай форме выбеглі чальцы «Pussy Riot» – нагадаць свету пра палітвязняў і парушэнні правоў чалавека. Актывістаў затрымалі і растлумачылі іхныя правы. Па-свойму.
«Часам шкадую, што зараз не 37-ы год. Абаср..лі Расею!» – кажа ў размове з актывістамі праваахоўнік.
Абляцелі ўвесь свет і кадры з узнагароджвання фіналістаў. Парасон апынуўся царскай раскошаю, вядома, не для ўсіх. А за фіналам назіраў Аляксандр Лукашэнка, які не толькі імкнуўся паказаць сябе знаўцам футбола.
У адрозненні ад прэзідэнта Харватыі Калінды Грабар-Кітаравіч у Маскву Аляксандр Лукашэнка не ляцеў эканом-класам. Кіраўнік Беларусі традыцыйна абраў асабовы самалёт. Паводле авіяэкспертаў, гадзіна палёту такога летака абыходзіцца дзяржаўнаму бюджэту прынамсі $ 11,5 тыс.
Падчас матчу Аляксандр Лукашэнка з сынамі сядзеў трохі збоку. Але пасля гульні адмысловец ва ўсіх пытаннях прабіўся да прэзідэнтаў аж нават заблізка.
«Не проста спрэчнае. Нельга было прызначаць пенальці», – кажа пасля гульні Эманюэлю Макрону Лукашэнка.
А вось як гэта каментуе спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла:
«Для Лукашэнкі – гэта нічога дзіўнага. Ён гаворыць усё, што хоча, усё што можа. Калі Лукашэнку было лепей бачна з трыбуны, то ён і мог так сказаць. Але ён не першы раз вучыць спартоўцаў – як есці, як трэнавацца, як выходзіць на найлепшыя вынікі».
Яшчэ перад чэмпіянатам нямала было размоваў пра байкот. Усё ж такі Расея і Крым акупавала, і за вайну на Данбасе адказная. Але перамог іншы аргумент: «спорт па-за палітыкай».
«Гэта не толькі футбол. Гэта палітыка. Я не бачу ніводнага віду спорту, дзе не спатыкаўся б спорт з палітыкай», – працягвае Алесь Пуціла.
Але прыехаўшы паглядзець спорт, прэзідэнты Харватыі і Францыі ўжо нічога не цураліся. І паабдымаліся, і келіхі перакінулі. І, як аказалася, не толькі з Пуціным.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu
Фотаздымак на застаўцы да відэа Pierre Teyssot / Maxppp/ Forum