Да пачатку выбарчай кампаніі было тры палітвязні, цяпер іх 17. Гэта непасрэдныя канкурэнты Лукашэнкі на выбарах, іхныя паплечнікі ды ўплывовыя блогеры. Ці знясе хваля рэпрэсіяў грамадзянскую актыўнасць?
Ператрус удома, пераезд у ізалятар і крымінальная справа – усё цягам содняў… Паводле крымінальнага артыкулу 342 затрыманыя блогеры Сяргей Пятрухін і Уладзімір Няронскі. Іх абвінавачваюць у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак. За кратамі апынуўся і аўтар ютуб-каналу MozgON Уладзімір Цыгановіч. Напярэдадні такі ж лёс напаткаў і адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка. Сам навінавы канал – трэці паводле папулярнасці ў беларускім тэлеграме – выстаяў. У лідарах жа – блогер NEXTA. Як яму ўдалося застацца на волі?
«Ратуе пакуль што мая фізічная няўразлівасць. Дастаць мяне з іншае краіны, з Польшчы, яны мяне пакуль не могуць. Могуць толькі назіраць за тым, што я раблю і дасылаць мне нейкія пагрозы беспадстаўныя, спрабаваць узламаць акаўнты. Але гэта вырашаецца вельмі проста дадатковымі захадамі бяспекі», – упэўнены Сцяпан Святлоў, блогер NEXTA.
Не вядома – што інкрымінуюць прэс-сакратару ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай – Аляксандру Кабанаву, пра ўтрыманне якога ў Менску стала вядома праз 10 дзён маўчання міліцыі. Цягам месяца праваабаронцы прызналі палітвязнямі 14 новых асобаў. Супрацьстаяць рэпрэсіям можна толькі настойлівасцю – кажа праваабаронца.
«Калі мы хочам гаварыць пра эфектыўныя механізмы, то яны безумоўна звязаныя з акцыямі салідарнасці, у якіх бярэ ўдзел вялікая колькасць людзей. Такая публічная ацэнка таго што адбываецца, можа пачаць уплываць на тых, хто гэтыя рэпрэсіі ўжывае», – кажа Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельскінскага камітэту.
Міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў, што з ацэнкамі незалежных праваабаронцаў азнаёмлены, а для ўсіх астатніх сказаў наступнае:
«Памылка многіх, не важна – знешніх ці ўнутраных сіл у тым, што ўсе думаюць, што рэжым слабы. Я кажу гэта і як кіраўнік знешнепалітычнага ведамства, і як чалавек… Усе згадваюць і 2010 год, калі таксама думалі, што рэжым слабы, і цяпер (мяркуюць, што – заўв. «Белсат») ён яшчэ больш слабы. Завяраю вас, калі ўжо казаць пра рэжым, то рэжым моцны», – кажа Уладзімір Макей, міністр замежных справаў Беларусі.
Ужываннем сілы ў выпадку спробы здзейсніць рэвалюцыю – напярэдадні шантажаваў вылучэнец на кандыдата – Аляксандр Лукашэнка. Пасля тае заявы беларусы яшчэ больш актыўна пачалі выходзіць на вуліцы. Затрымліваюць і штрафуюць шараговых грамадзянаў, не падрыхтаваных да такога сцэнара, і медыйных асобаў.
«Можна параўнаць з падзеямі 2017 года, калі былі маршы «дармаедаў», тады ўпершыню блогеры сталіся фокусам для ціску, для рэпрэсіяў», – узгадвае Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельскінскага камітэту.
У 2017 годзе і пад час мітынгаў супраць інтэграцыі з Расеяй – непрыканцы 2019, дзеяла, а цяпер узрадзілася краўндфандынг-ініцыятыва By_Help. Пасля закрыцця дзяржавай сэрвісу Мола-Мола яна збірае грошы на аплату штрафаў удзельнікам акцыяў. Хуткасць збору рэкордная, адзначае каардынатар збору Аляксей Лявончык:
«З $ 30 тыс (першы этап збору) 5/6 сабралі менш чым цягам 24 гадзінаў».
Новая мэта – $ 50 тыс – можа быць дасягнутая нават да канца дня. Размяркоўваць сродкі будуць перадусім сярод тых, хто ўпершыню сутыкнуўся з палітычным ціскам.
Юлія Цяльпук, «Белсат»