Аб'ектыў 11.07.2018 «Міс Беларусь-2018» пасылаюць у калгас


Маладая, перспектыўная і прыгожая. «Міс Беларусь – 2018» можа пакіраваць калгасам.

Марыя Васілевіч побач з Лукашэнкам заўважаная не ўпершыню. Якая ейная функцыя – невядома. Але кіраўнік падчас візіту напярэдадні ў аграгарадок Вішоў не выключыў, што дзяўчына магла б стаць на чале калгаса. Ці гэта шлях да поспеху стратнае айчыннае сельскае гаспадаркі?

Дастаеўскі казаў, што прыгажосць уратуе свет. Лукашэнка кажа, што павінная саскочыць з подыуму ды ехаць кіраваць калгасам. Гэта кіраўнік краіны пра пераможцу нацыянальнага конкурсу «Міс Беларусь – 2018» Марыю Васілевіч. Лукашэнка паабяцаў, што дзяўчына паедзе ўзначальваць аграхолдынг «Купалаўскае» на Шклоўшчыне.

«Я гатовая насамрэч. Праўда, у мяне двухгадовы кантракт, і пасля яго заканчэння, калі Аляксандр Рыгоравіч не пажартаваў, я гатовая прыступіць да выканання абавязкаў», – заявіла дзяўчына.

Хто кіруе калгасамі?

«Не адкрыю таямніцы, калі скажу, што ў свеце няма больш самаадданае працы, чымся праца аграрыяў», – мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Сам ён падчас візіту ў калгас «Радзіма» у Бялынічах патрабаваў дасведчанасці. А тым, найбольш заслужаным, уручыў узнагароды.

Узнагародаў няшмат. А гэта азначае, што кіраваць сельскаю гаспадаркаю ды дасягаць вынікаў не такая простая справа. Агулам сельская гаспадарка ў Беларусі стратная. Хаця ў яе дзяржава інвеставала больш за $ 70 млрд, кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Гэтыя грошы асядаюць у гэтак званых аграбаронаў, таму ў нас у такім стане гэты сектар. І ізноў жа, замест таго, каб карміць прынамсі паў-Еўропы, мы застаемся краінай, якая прымушае сваё насельніцтва за харчы [пераплочваць], 200–300 долараў кожная сям’я пераплачвае за год», – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук.

І ўзнікае пытанне, хто гэтыя «аграбароны», што займаюць высокія пасады ды кіруюць калгасамі. Адным словам усе, хто цягне грошы ў свае кішэні. Неаднаразова на пасады старшыняў ставіліся дзяржаўныя чыноўнікі-карупцыянеры, якіх выпускалі з турмы датэрмінова ды ссылалі ў вёску. Цяпер кіраўнік краіны кажа пра «Міс Беларусь». І гэта ў той час, калі прафесійныя кадры таксама ёсць, але…

«Калі такі талковы спецыяліст варыцца ў гэтай сістэме, то ён непазбежна сутыкаецца з тым, што ён павінен выконваць правілы гульні. А правілы гульні такія: да нядаўняга часу яго проста ніхто не чуў. Ад яго патрабавалася высокая ступень выканаўчае актыўнасці. Ён павінен быць выканаўцам», – адзначае шэф-рэдактарка «Agralive.by».

Таму ўлады павінныя пачаць слухаць знізу. Але патрэбная змена цэлае сістэмы праз шлях да прыватных гаспадарак. Лукашэнка ж пакуль хоча пераабуваць са шпілек у калгасныя боты. А тыя вельмі патрэбныя ў гаспадарцы, якая ідзе на дно.

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа з Instagram Марыі Васілевіч

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары