Міністр-аптыміст мяркуе: эканоміка расце. Беларусы на лепшае не спадзяюцца


«Паверце мне! Справы наладжваюцца. Эканоміка аднаўляецца ўжо цяпер, а налета – наступіць доўгачаканы рост».

Гэтак міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі абгрунтоўваў правільнасць існага эканамічнага курсу ў інтэрв’ю газеце «Рэспубліка», апублікаваным напярэдадні ўвечары.

Налета Уладзімір Зіноўскі прагназуе рост ВУП на 1.7 %. Наколькі згаданыя ўладамі паляпшэнні адпавядаюць назіранням беларусаў – мы спыталіся ў жыхароў Менску.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«Мне падаецца, што пагаршаецца. А прагназаваць не бяруся».

«Мяркуючы па тэндэнцыі апошніх шасці гадоў, то лепш ня будзе».

«Я думаю, будзе ў лепшы бок. Наш беларускі народ вельмі энергічны, працалюбівы цярплівы».

«Я ня бачу асаблівага паляпшэння. Застой нейкі».

Паводле Зіноўскага, фізічныя аб’ёмы, экспарту і бальшыні галінаў прамысловасці ўжо перавысілі леташні ўзровень. А эканамічны спад захоўваецца толькі праз праблемы з экспартам калію ды нафтапрадуктаў. Але, па-першае, гэта – не зусім дакладна. Спад захоўваецца і ў шэрагу іншых галінаў, перадусім – хімічнай і металургічнай.

ЛЕАНІД ФРЫДКІН, ШЭФ-РЭДАКТАР, «ЭКОНОМИЧЕСКАЯ ГАЗЕТА»:

«Прадпрыемствы назапасілі сурʼёзны груз праблем. З адсутнасцю абаротных сродкаў, з адсутнасцю крыніц інвеставання. Пагоршылася іх плацежаздольнасць і магчымасць залучэння капіталу і таму ў агляднай будучыні аднавіць гэтыя параметры, верагодна ня ўдасца».

З гэтым прагнозам пагаджаецца бальшыня міжнародных фінансавых арганізацыяў. Сярод іншага, Сусветны банк абнавіў сёння свой эканамічны прагноз на 2017, пакінуўшы яго, у свеце апошніх эканамічных падзеяў, нязменным. Вердыкт – налета падзенне эканомікі працягнецца – амаль на 1 % ад ВУП. Паводле Сусветнага банку, адзін з найвялікшых грузаў, які цягне айчынную эканоміку ўніз, гэта – узровень замежнай запазычанасці.

ЛЕАНІД ФРЫДКІН:

«Гэта – такая гіра на назе ці на шыі беларускай эканомікі, якая перашкаджае ёй рухацца наперад. Абслугоўванне гэтых пазык адваблівае вельмі вялікія рэсурсы, якія маглі быць накіраваныя на развіццё».

За апошнія тры гады дзяржаўны доўг Беларусі павялічыўся з 20 % ад эканомікі амаль да паловы 50 % – перадусім, за кошт падзення ВУП у доларавым эквіваленце. Бюджэтавыя выплаты па адсотках павялічыліся, адпаведна, на 16 %. У развітых краінах гэты паказнік замежнага доўгу бывае і вышэйшы, але, адзначаюць адмыслоўцы, па-першае, нашая краіна плоціць за гэтыя даўгі нашмат большы адсотак.

Але галоўнае – калі на захадзе гэтыя грошы перадусім інвестуюцца, то ў нас – праядаюцца. У выніку, як прызнала сёлета мінэканомікі, Беларусь адстала ад развітых краінаў у тэхналогіях у 3–4 разы, а ў прадуктыўнасці працы – у 5-6 разоў.

Станіслаў Івашкевіч, Менск