Міністр абароны Беларусі: «Мне не сорамна»


Пра гэта ён распавёў падчас наўпроставай тэлефоннай лініі. Пры гэтым чыноўнік падкрэсліў, што не здымае з сябе адказнасці за гучную смерць жаўнера тэрміновае службы Аляксандра Коржыча.

Міністр абароны Беларусі падчас наўпроставай лініі сёння раніцаю распавёў, што вучэбны цэнтр у Печах, дзе трэцяга кастрычніка загінуў жаўнер тэрміновай службы Аляксандр Коржыч будзе рэарганізаваная. Кіраўніцтва часткі змененае, там будзе ўсталяваная сістэма відэаназірання, шэраг афіцэраў пройдзе пераатэстацыю. Чыноўнік таксама прызнаў сваю асабістую адказнасць за смерць жаўнера.

«Мне не сорамна ні за адзін дзень маёй працы на пасадзе міністра абароны. Міністра абароны прызначае прэзідэнт і звальняе таксама прэзідэнт. Вырашыць ён – і я ў той жа дзень сыду», – заявіў Андрэй Раўкоў.

Раўкоў пракаментаваў таксама стан расследавання смерці жаўнера ў печах. Ён патлумачыў, што звальненні шэрагу Печаўскіх афіцэраў тычыліся тых афіцэраў, што цягам цэлага тыдня не заўважалі адсутнасці ўжо павешанага на той момант жаўнера. Апытаныя намі менчукі не палічылі гэтыя захады дастатковымі

«Змяніць начальніка і ўсталяваць камеры назірання – гэта такі прэвентыўны захад, які ні да чаго не прывядзе па той простай прычыне, што ўся праблема ў людзей у галовах », – кажа жыхар Менску.

Найбольшае абурэнне грамадскасці выклікала ня столькі сама трагічная смерць жаўнера ў мірны час, колькі той факт, што следчаму камітэту спатрэбіліся 10 дзён на тое, каб заўважыць звязаныя ногі павешанага салдата і накінутую на галаву майку. Першапачаткова следства казала выключна пра суіцыд. На гэты ж момант у крымінальнай справе фігуруюць 11 асобаў – сярод іх ні аднаго старэйшага афіцэра. Паводле другога Міністра абароны незалежнай Беларусі, гібель жаўнераў у мірны час – можа здарыцца заўсёды, але не па такім прычынам

«Былі цяжкія выпадкі, была гібель людзей, але яны былі збольшага звязаныя з баявой падрыхтоўкай, вучэннямі, на працы з тэхнікай, дзесьці», – распавядае экс-міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі.

У сваю чаргу дзеючы міністра абароны пад час сваёй наўпроставай лініі ніяк не ўзгадаў іншыя нядаўнія смерці жаўнераў. Дзякуючы розгаласу вакол трагедыі Аляксандра Коржыча, стала вядома пра яшчэ чатыры падобныя смерці. Паводле генерал-палкоўніка ў адстаўцы захады агучаныя Раўковым агулам слушныя, але ці дастатковыя?

«Трэба такія захады здзейсніць і гэта дапаможа магчыма, але я казаў і кажу вам сёння, што галоўнае ў гэтай бядзе і праблеме тое, што камандзіры не гатовыя працаваць з людзьмі, яны не гатовыя да працы з людзьмі», – мяркуе Павел Казлоўскі.

Дый камеры назірання, пра якія кажа міністр Раўкоў будуць усталяваныя толькі ў самых Печах. Тым часам загінулыя сёлета жаўнеры Павел Старанкоў, Генадзь Сарокін і Арцём Басцюк служылі ў іншай вайсковай частцы кожны. Таму сапраўды – праблема ня толькі ў Печах і не ў сяржантах, якія цяпер пад следствам.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»