Міліцыя перашкаджае беспрацоўным зарабляць ў Расеі


Месяц таму на гэтым месцы, у кавярні «Лукамор’е», нарадзінец Мазыра, а цяпер жыхар Масквы Анатоль Сніцараў перадаў жыхарам Лельчыцаў Аляксандру Буцьку і Руслану Граськe Rub 200 тыс за працу на будоўлі ў Расеі.

Сёння суд Калінкавіцкага раёну пакараў будаўнікоў штрафам 60 базавых і канфіскацыяй тых самых Rub 200 тыс.

Мужчынаў прызналі вінаватымі ў парушэнні парадку валютных аперацыяў

«Я працую ў Расеі, гэтыя грошы былі атрыманыя ў Расеі, але нас адмыслова сюды выклікалі, каб мы атрымалі іх тут, каб зрабіць адміністратыўнае правапарушэнне, а пасля і крымінальнае, каб мы больш там не працавалі», – упэўнены Аляксандр Буцько.

Аляксандр мае зарэгістраваную ў Расеі фірму, дзе і плоціць падаткі. Ні ён, ні ягоны напарнік віны не прызнаюць і цвердзяць, што іх уцягнулі ў супрацьпраўную схему.

«Сніцараў, працадаўца, павінен быў аддаць грошы там, а так як ён быў у змове, мне так здаецца, у змове з Лельчыцкімі супрацоўнікамі РАУС, таму ён прывёз гэтыя грошы сюды, бо ў Беларусі ёсць закон, як нам распавялі пры затрыманні, што нельга плаціць за працу валютай», – мяркуе Руслан Грасько.

Старэйшы оперупаўнаважаны ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Лельчыцкага РАУСу Валянцін Хомчыц знаёмы з працадаўцам будаўнікоў, стала вядома ў часе суда. Жонка службоўца нават была на лецішчы Сніцарава ў Краснадарскім краі, што зафіксаванае на фота. Суд на гэта ўвагі не звярнуў, а вось пасля паседжання міліцыянт намагаўся забраць у адваката здымкі з лецішча, якія не далучылі да справы.

Паводле адваката навідавоку змова жыхара Масквы Сніцарава і лельчыцкага міліцыянта Хомчыца.

Жыхары Лельчыцаў маюць намер абскардзіць рашэнне суда

Таксама яны накіравалі заявы ў Следчы камітэт і пракуратуру з просьбаю правесці праверку па факце ўзаемадачыненняў Сніцарава і Хомчыца.

Што да далейшых планаў, пэўнасці пакуль няма.

«У нас планы працаваць толькі ўжо ўдома, або з’ехаць увогуле», – прызнаецца спадар Буцько.

Для абодвух канфіскацыя Rub 200 тыс можа быць не самым горшым паваротам. Цяпер будаўнікоў падазраюць у дапамозе ў пошуку працы ў Расеі без адпаведнай ліцэнзіі. Праверку праводзіць Гомельскае УУС.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»