Менскія ўлады працягваюць наступ на прыватны сектар


Наступ на сталічны прыватны сектар працягваецца. Гэтым разам пад ударам апынуліся жыхары некалькіх кварталаў паміж вуліцамі Валгаградская і Севастопальская. 74 прыватныя дамы плануецца замяніць шэрагам шматпавярховікаў ды стаянкай.

Не меў тлумачальнай запіскі да плану дэтальнага праектавання раёну Васіль Касавец, намеснік галавы адміністрацыі Першамайскага раёну. Паводле закону без гэтага дакументу абмеркаванне праходзіць не можа. Жыхары патрабавалі ад чыноўніка падпісаць рэзалюцыю аб адсутнасці дакументу, Васіль Касавец адмаўляўся. Каб зафіксаваць правапарушэнне, грамадзяне выклікалі міліцыянтаў.

«Такі яны змаглі патлумачыць, як мы можам на паперы напісаць заяву, каб зафіксаваць гэтае правапарушэнне, якое мае пад сабой вельмі вялікія наступствы. Таму што вялікія грошы на кану, інвестыцыі, лёсы людзей», – кажа жыхар раёну Віталь Шчур.

Намеснік галавы адміністрацыі не меў адказу на пытанні, чаму не ўключылі ў камісію сябраў ініцыятыўнай групы жыхароў раёну, чаму з 15 дзён, адведзеных на прэзентацыю, 5 дзён прыпадае на выходныя і ніякім чынам гэтыя дні не кампенсоўваюцца.

На гэты момант жыхары раёну ўжо склалі скаргі на дзеянні адміністрацыі Першамайскага раёну ў Міністэрства архітэктуры і ў пракуратуру.

«Парушаны тэрміны, гэта, у першую чаргу. І на падставе гэтага мы будзем прасіць прызнаць не дзейсным грамадскае абмеркаванне і яго пераносіць ці адмяніць увогуле», – адзначае жыхар раёну Яўген Сарока.

Нават без тлумачальнай запіскі жыхарам відавочныя шматлікія хібы існага праекту: напрыклад, на плане існуюць прыватныя дамы, на месцы якіх ужо даўно стаяць шматпавярховікі.

«Праект у цяперашняй рэдакцыі патрабуе сур’ёзнай перапрацоўкі, каб былі пралічаныя нармальна пытанні нагрузкі на экалогію, пытанні водазабору, пытанні пашырэння вуліцы Валгаградская, пытанне будаўніцтва паліклінікі ды школы», – працягвае Віталь Шчур.

Ці дашле адміністрацыя раёну праект на распрацоўку, пакуль невядома. Жыхары спадзяюцца, што хоць бы ў гэтым годзе, які абвешчаны годам малой радзімы, чыноўнікі прыслухаюцца да іхнага меркавання.

Таццяна Белашова, belsat.eu