Аб'ектыў 03.08.2018 Менск не адмовіцца ад расейскіх базаў проста так


Гэта яго казырныя карты ў перамовах з Крамлём, упэўненыя эксперты.

Лёс расейскіх вайсковых аб’ектаў у нашай краіне будзе залежаць ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Партыя БНФ атрымала адказ ад міністра абароны Андрэя Раўкова на ліст з просьбаю адмовіцца ад размяшчэння на тэрыторыі нашае краіны расейскіх радыёстанцыі і станцыі сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе.

Яшчэ 23-га чэрвеня Партыя БНФ абвясціла інфармацыйную кампанію супраць знаходжання расейскіх вайсковых аб’ектаў на тэрыторыі Беларусі. У Міністэрства абароны і Савет Бяспекі накіравалі ліст з просьбай выказаць пазіцыю адносна працягу пагаднення паміж Беларуссю і Расеяй аб размяшчэнні вайсковых аб’ектаў расейскіх узброеных сілаў у нашай краіне.

«Мы хацелі атрымаць дакладны адказ, калі заканчваецца тэрмін гэтай дамовы, і мы атрымалі гэты адказ, мы ведаем цяпер дакладную дату. Мы таксама хацелі, каб былі агучаныя матывы, якімі Міністэрства абароны і Савет Бяспекі збіраюцца кіравацца пры прыняцці рашэння. І мы не пачулі насамрэч гэтых матываў», – кажа намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле Мінабароны, у выпадку, калі беларускі бок захоча адмовіцца ад працягу пагаднення, ён мае паінфармаваць Расею не пазней за 6 чэрвеня 2020 года.

Цяпер на тэрыторыі Беларусі размешчаныя два расейскія вайсковыя аб’екты: 43-ці вузел сувязі ВМФ Расеі «Вілейка» (радыёстанцыя «Антэй«) у Менскай вобласці, і радыёлакацыйная станцыя «Волга» дэцыметравага дыяпазону (вузел «Баранавічы«) у складзе расейскай сістэмы папярэджання аб ракетным нападзе, размешчаная ля Ганцавічаў. Знаходжанне гэтых аб‘ектаў на тэрыторыі Беларусі рэгулюецца міжнароднымі дамовамі, якія былі падпісаныя ў 1995 годзе ўрадамі Беларусі ды Расеі.

«Гіпатэтычна вывад расейскіх вайсковых аб’ектаў з тэрыторыі Беларусі магчымы толькі ў тым выпадку, калі Беларусь прымае іншыя стратэгічныя рашэнні наконт уключэння Беларусі ў вайсковыя блокі. Напрыклад, калі яна абірае трэнд на поўны нейтралітэт», – кажа палітолаг Андрэй Ягораў.

На меркаванне экспертаў, улады Беларусі выкарыстоўваюць расейскія вайсковыя аб’екты ў якасці казырнай карты ў перамовах з Крамлём. У той жа момант, гэтыя аб’екты наносяць іміджавыя страты краіне, якая ўсяляк імкнецца падкрэсліць свой нейтралітэт.

«Мы будзем пераконваць беларускае грамадства, што гэтыя аб’екты ўяўляюць і вайсковую небяспеку для нас, яны робяць нас патэнцыйнымі ворагамі для багата якіх нашых суседзяў, для іншых еўрапейскіх краінаў. І яны ёсць інструментам Расеі для патэнцыйных несяброўскіх дзеянняў супраць Беларусі», – кажа Аляксей Янукевіч.

У той жа момант, адмыслоўцы падкрэсліваюць, што для Расеі вайсковыя аб’екты на тэрыторыі Беларусі маюць хутчэй іміджавае значэнне – замацаванне краіны ў сваёй сферы ўплыву.

Зміцер Міцкевіч

Глядзі таксама
Каментары