Аб'ектыў 10.08.2017 МАЗ моцна павялічыў продажы. Чаму гэта дрэнна?


Больш прадаем, больш працуем і больш зарабляем. Гэтак вынікі першага паўгоддзя сёлета апісваюць чальцы Свабоднага прафсаюзу металістаў на Менскім аўтамабільным заводзе.

«У апошні час на МАЗе павысіліся заробкі. 815 рублёў, у сярэднім. І апошні час ён павінен падвысіцца яшчэ больш, таму, што МАЗ пачаў працаваць усе дні. Ужо з чэрвеня месяца МАЗ працуе поўны працоўны месяц», – распавёў прафсаюзны актывіст Сцяпан Паўловіч.

Пра павелічэнне продажаў цяжкавікоў МАЗ на сваім рынку рапартуе і расейскае агенцтва Аўтастат. Праблема, аднак, у тым, што продажы МАЗу растуць значна павольней, чым астатні расейскі рынак. У выніку, калі летась, як і шмат гадоў дагэтуль, Менскі аўтазавод займаў на расейскім рынку трэцяе месца – пасля тамтэйшых КАМАЗу ды ГАЗу, то сёлета скаціўся на шостае, прапусціўшы наперад Вольва, Сканію ды Мэрсэдэс.

Расейцы шукаюць лепшай якасці ды маюць на гэта грошы

«Цяжкавікі прэміум класу сёлета растуць. Вельмі шмат замежнікаў прыйшло на гэты рынак і адкладзены попыт, які склаўся за гэтыя гады, многія кампаніі перавознікаў – яны кампенсуюць, бо з еўра-5, еўра-4 ужо ў Еўропу не пускаюць. І яны мяняюць аўтамабілі на еўра-6», распавёў выканаўчы дырэктар аўтавытворцаў Расеі Ігар Кароўкін.

Цяжкавікі з рухавікамі экалагічнага класу еўра-6 выпускаюць і ў Беларусі.

Чым жа расейцам не пасуе якасць МАЗаў?

«А ён не ходзіць увогуле ніколькі. Ён ходзіць 150 тысяч кіламетраў і памірае. Плюс у адсоткавым выражэнні большыя фінансавыя страты пры продажы. Калі ён страчвае за 3 гады 50 % сваёй вартасці, то Сканія страціць 20-25 %», – падзяліўся досведам Павел Падун, кіраўнік транспартавай кампаніі ў Расеі.

МАЗы пакуль вельмі папулярныя на рынку патрыманых аўтаў. Гэтак, беларускія цяжкавікі складаюць больш за палову аўтапарку ягонай кампаніі.

«Гэта проста самы танны варыянт на цяперашні момант на рынку. Прасцей за ўсё купіць не вельмі стары МАЗ патрыманы, з забітым рухавіком, паставіць б/у МАН, гэта – танней, чым купіць такога ж году Мерседэс ці МАН», – дадае Павел.

У параўнанні з расейскімі мадэлямі – КамАЗам ці ГАЗам перавознікі ў Беларусі ды Расеі аддаюць невялікую перавагу менскаму вытворцу ў справе якасці. Але расейцы, усё ж, не выключаюць выбар на карысць КАМазу дзеля больш пашыранай сэрвіснай сеткі, а галоўнае – цаны. Рэч у тым, што на пакупку тамтэйшых аўтамабіляў у Расеі дзее дзяржаўная субсідыя – «Рускі цягач».

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары