Аб'ектыў 23.10.2017 Маці, якую судзілі за смерць дачкі, звярнулася да Лукашэнкі


Яе прызналі вінаватай у смерці немаўля па выніках хатніх родаў. Судовыя ж працэсы рэзананснай справы прайшлі ў закрытым рэжыме. Нязгодная з прысудам ураджэнка Віцебску ў прычыне здарэння бачыць віну медыкаў. Каб праліць свет на матэрыялы следства, жанчына звярнулася да кіраўніка краіны.

«Сёлета ў лютым у маёй сям’і здарылася трагедыя. Загінула мая нованароджаная дачка. Падзеі, што адбыліся ўслед за гэтым горам, – узбуджэнне ў дачыненні мяне крымінальнай справы, змяшчэнне пад варту, абвінаваўчы прысуд, нягледзячы на неабвержныя доказы маёй невінаватасці, вымушаюць мяне звярнуцца наўпрост да вас, Аляксандр Грыгорʼевіч», – кажа маці загінулай немаўляці Вольга Сцяпанава.

Мэта звароту

З патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці медперсанал і рэабілітаваць сваё імя ў вачах грамадскасці нядаўняя парадзіха Вольга Сцяпанава звярнулася да кіраўніка краіны. На пачатку верасня Чыгуначны раённы суд Віцебску прызнаў яе вінаватай у смерці немаўляці праз неасцярожнасць. Паводле ж словаў жанчыны, у яе здарыліся хуткія роды, а медыкі праз нядбайнае стаўленне не аказалі неабходнай дапамогі.

«Дзіця мае нарадзіўся з колерам скуры сінюшным, пупавіна білася. Дастаткова было аднаго пытання удакладняючага, каб зразумець, што дзіця жывое і патрабуе рэанімацыі. Як мінімум дзве прыкметы ўказвалі на тое, што мая дачка нарадзілася жывой», – даводзіць у звароце Вольга.

Медыкі ўсё зрабілі не так

Адлегласць паўтара кіламетра ад станцыі да дому Вольгі Сцяпанавай хуткая адольвала больш як 20 хвілінаў. У машыне, што прыехала на выклік, не было дзіцячага абсталявання. Замест рэанімацыі прыбыла брыгада інтэнсіўнай тэрапіі.

«Ехалі 22 хвіліны, яшчэ працягнулі 15 хвілінаў да прыезду спецыялізаванай брыгады, а пасля каля 8-мі хвілінаў ехалі ў шпіталь. То бок, больш за паўгадзіны дзіця заставалася без дапамогі» – абураецца маці-небарака.

Што кажуць самыя лекары?

Медыкі ў судзе сведчылі, што Вольга перашкаджала працаўнікам хуткай аказаць першую дапамогу, а ў шпіталі вярнуць да жыцця яны спрабавалі ўжо мёртвае немаўля выключна праз настаянне парадзіхі.

Медыкі папросту хацелі зняць з сабе адказнасць?

Вольга сцвярджае, што лекары не паспелі своечасова аказаць дапамогі. Заставацца ж з парадзіхаю падчас родаў удома яны не маюць права, бо афіцыйнага статусу хатнія роды ў Беларусі не маюць. Неўзабаве пасля двух падобных выпадкаў, у краіне разглядалі пытанне аб забароне хатніх родаў. На думку доктар-рэаніматолага Змітра Салошкіна, юрыдычная забарона папросту невыканальная.

«Дастаткова проста сказаць жанчыне, што яна не паспела патэлефанаваць, ці сказаць, што не зразумела, што нараджае, і факт сам па сабе юрыдычна недаказальны. Я за тое, каб паступова гэтае пытанне легалізавалася, каб сапраўды быў выбудаваны алгарытм аказання дапамогі на даму», – мяркуе рэаніматолаг Зміцер Салошкін.

Тым часам даказаць невінаватасць у смерці дзіцяці жанчыне, што абрала хатнія роды, вельмі складана, бо адказнасць за роды ў хаце нясе жанчына. Той жа факт, што нарадзіла жывую дзяўчынку, якая загінула праз нясвоечасовае аказанне дапамогі, Вольга Сцяпанава неўзабаве паспрабуе і праз пададзеную апеляцыю. Тым не менш, на законнасць суда жанчына не разлічвае, ды чакае апошняй дапамогі ад Аляксандра Лукашэнкі.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары