Аб'ектыў 26.07.2017 Маці антыфашыста: Яму пагражалі, што жонка будзе нараджаць у турме


10-га сакавіка ў судзе Першамайскага раёну Менску прагучалі ці не самыя жорсткія за апошнія гады прысуды актывістам грамадскіх рухаў. На лаве падсудных, між іншых, – антыфашысты і футбольныя заўзятары Ілля Валавік, Дзмітрый Цехановіч, Філіп Іваноў і Вадзім Бойка. Усе яны атрымалі ад чатырох да дзесяці гадоў зняволення паводле крымінальнага артыкулу «асабліва злоснае хуліганства».

«Тое, што справа палітычна матываваная гэта ясна як божы дзень. На судзе 93 сведкі сведчылі супраць таго, што мой сын там удзельнічаў», – распавяла маці асуджанага Раіса Валавік.

Такой пазіцыі прытрымліваюцца не толькі сваякі асуджаных

У гэтым перакананая і частка прадстаўнікоў палітычных і грамадскіх рухаў Беларусі. Тэме зняволеных антыфашыстаў была прысвечаная адмысловая сустрэча ў Менску ў межах форуму «Свабоду палітвязням».

Вядомыя праваабарончыя арганізацыі пакуль не прызналі маладзёнаў палітвязнямі. Пытанні выклікае той факт, што падставаю была бойка, у якой, паводле следства, бралі ўдзел прадстаўнікі антыфашысцкага руху і адначасова заўзятары футбольнага клубу «Партызан». Частка прадстаўнікоў дэмакратычнага руху лічыць, што справу сфабрыкавалі.

Падчас следства аказваўся жорсткі ціск на падазраваных

«Яму сказалі, што калі ты не скажаш так і так, калі твае паказанні разыдуцца з нашай версіяй, твая жонка будзе нараджаць у турме, бо на яе завялі крымінальную справу», – дзеліцца Раіса Валавік з журналістамі «Белсату».

Ці магла справа аб звычайным канфлікце паміж заўзятарамі ператварыцца ў палітычную? На карысць такой версіі сведчаць і надзвычай жорсткія прысуды.

Адкуль тады такі ціск?

Адказ на гэтае пытанне могуць даць драматычныя падзеі ва Украіне, якія пачаліся ў лістападзе 2013-га года. Паводле назіральнікаў, у падзеях на Майдане актыўна ўдзельнічалі і групы футбольных заўзятараў. Як сцвярджаюць удзельнікі форуму «Свабоду палітвязням», асуджаныя антыфашысты мелі дачыненне да акцыяў пратэстаў у Кіеве. Таксама не таямніца, што на баку Украіны на Данбасе змагаюцца і беларусы.

Пасля падзеяў на Майдане пад жорсткі ціск у Беларусі трапілі самыя розныя грамадскія і палітычныя рухі. Пацярпелі і тыя, хто не займаецца палітыкай, але дэкларуе свой патрыятызм. Сярод іх аказаліся і заўзятары. Добра вядомыя судовыя разбіранні, пасля якіх каралі не за хуліганства, а за ўжыванне нацыянальнай сімволікі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары