«Малады фронт» паставіў спектакль. І тлумачыць, чаму пра Карлсана


Моладзевая арганізацыя ладзіць не толькі апазіцыйныя акцыі, але і дабрачынныя імпрэзы. Каб дапамагчы дзіцячым дамам, маладафронтаўцы зладзілі пастаноўку па кнізе «Малы і Карлсан». Усе сабраныя падчас спектаклю сродкі пойдуць на дапамогу дзеткам.

Папулярная ў свеце кніга пра прыгоды на стакгольмскіх дахах «мужчыны ў самым росквіце сілаў» больш за 10 гадоў таму выйшла і ў перакладзе на беларускую мову. Рэжысёрка-аматар Крысціна Самойлава адаптавала пераклад Юрыя Жалезкі да інсцэнізацыі.

Маладафронтаўцы нечаканы выступілі на сцэне ў ролі актораў, і нават дэкарацыі зрабілі ўласнымі рукамі. Усё дзеля таго, каб сабраць грошы для дзяцей з дзіцячых дамоў.

«Кожны год, кожную зіму, мы ладзім дабрачыннае нейкае мерапрыемства – ці то канцэрт, ці то аўкцыён на карысць дзіцячых дамоў, дзяцей з дзіцячых дамоў. Сёлета мы вырашылі ўзяць новы прыступак – і зрабіць спектакль», – распавядае кіраўніца праекту Крысціна Самойлава.

«Колькі год таму шведы падарылі мне 2 кніжкі на беларускай мове «Малыш і Карлсан» і «Пэпі Даўгіяпанчохі». [Для прадстаўлення твор абіралі] па гендарнаму прынцыпу. У «Маладым Фронце» больш хлопцаў – а ў «Малым і Карлсане» больш мужчынскіх роляў», – дадае Самойлава.

Аніматар Антон Куракоў прызнаецца, што «калі нешта збярэцца, то пойдзе на дабрачыннасць».

«Я за такія ініцыятывы. Не заўсёды трэба працаваць за грошы», – дадае Куракоў.

На імпрэзу ў Менску, акрамя ахвяраванняў, гледачы прыносілі цацкі. Бо якое дзяцінства без прыгодаў і гульняў?

«Калі мы звязваліся з дзіцячымі дамамі, то нам казалі, што гэтага не хапае, звярніце ўвагу на гэта, збярыце грошы на тое ці іншае, – кажа лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч. – Таму ў сацыяльнай дзяржаве Беларусь часта важных рэчаў не хапае».

Пасля прэм’еры для ўсіх ахвотных актывісты плануюць паказаць беларускамоўнага «Карлсана з даху» ў дзіцячых дамах.

Наста Ільіна