Аб'ектыў 18.06.2017 «Маладому доктару без падтрымання бацькоў пражыць немагчыма». З Беларусі з’язджаюць лекары


Штогод беларуская медыцына губляе каля 2 тысячаў працаўнікоў. Пераважная іх большасць едзе на Захад.

Вырашыўшы прыгледзецца да ўмоваў працы медыкаў у іх прафесійнае свята,«Белсат» пачуў, што дзве найвялікшыя праблемы айчыннае медыцыны – «вельмі вялікая нагрузка і вельмі нізкая аплата за гэтыя нагрузкі».

«Праз кабінет праходзіць шмат людзей. Не толькі па талонах, але і каб спытацца. Кожнага трэба выслухаць і кожнаму трэба адказаць», – кажа доктар Любоў Тарнэцкая.

Такая сітуацыя прымушае некаторых развітвацца з дзяржаўнаю медыцынаю. Паводле розных звестак, штогод з сістэмы аховы здароўя звальняюцца больш за дзве тысячы адмыслоўцаў. Значная частка з іх з’язджае за мяжу. Прывабнымі застаюцца краіны Еўразвязу. У Беларусі, паводле статыстычнага камітэту, сярэдні заробак дактароў наблізіўся да 500 долараў. За мяжою беларускі адмысловец можа зарабіць нават у дзесяць разоў больш.

«Нават у той жа Расеі ўзровень аплаты на шмат вышэйшы. Маладым адмыслоўцам цяжка на нешта разлічваць з заробкам у 100 долараў. На гэты заробак без падтрымання бацькоў пражыць немагчыма», – кажа медык Наталля Шкадун.

Частка экспертаў галоўнай прычынаю гэткага становішча называе сістэму фінансавання. У Беларусі афіцыйна грамадзяне маюць права на бясплатныя медычныя паслугі. На Захадзе функцыянуе сістэма страхавой медыцыны, то бок частку прыбыткаў грамадзяне рэгулярна прызначаюць на карыстанне з сістэмы аховы здароўя.

«Пацыент прыходзіць у паліклініку, ведаючы, што ўсё бясплатна, патрабуюць усяго і каб паболей. Пацыенты лічаць, што ім усё належыцца», – кажа Любоў Тарнэцкая.

Беларускія пацыенты разумеюць праблему матывацыі лекараў, якія працуюць за капейкі, але са свайго боку самі скардзяцца на дактароў, і адна з самых распаўсюджаных скаргаў – немагчымасць патрапіць да лекара.

Пакуль велізарныя грошы дзяржава плоціць не медыкам або настаўнікам, а сілавікам.

Ян Бабіцкі

Глядзі таксама
Каментары