МакКейн верыў у Беларусь і беларусаў, якія жывуць дзеля незалежнасці нашае краіны




У ЗША на 82-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр вядомы палітык, сенатар-рэспубліканец Джон МакКейн.

«МакКейн заўсёды блізка браў усё да сэрца, але быў моцны – прычым як у палітыцы, гэтак і ў жыцці. Ён змагаўся за Амерыку, змагаўся за нас, людзей», – кажа Патрык Карадына, жыхар Арызоны.

І змаганне за людзей стала сэнсам усяго ягонага жыцця. Быўшы ў палоне падчас в’етнамскай вайны, МакКейн, нягледзячы на катаванні і пераломаныя рукі, адмовіўся ад датэрміновага вызвалення, заявіўшы, што выйдзе з турмы толькі пасля таго, як свабоду атрымае апошні амерыканскі ваеннапалонны. Вярнуўшыся амаль праз шэсць гадоў на радзіму, МакКейн прыйшоў у амерыканскую палітыку – і застаўся ў ёй да апошніх дзён свайго жыцця. МакКейн быў не толькі адным з самых папулярных сенатараў, але, бадай, і самым блізкім сябрам Усходняй Еўропы. Адданы прыхільнік дэмакратычнага развіцця краінаў нашага рэгіёну, МакКейн неаднаразова крытыкаваў кіраўніка Беларусі.

У траўні 2012 года, напрыклад, сенатар казаў наступнае: «Я думаю, што Лукашэнка – бязлітасны, жорсткі, брутальны тыран, які насамрэч абраў няправільны бок. Рана ці позна, я думаю, беларусы змогуць скарыстаць падставовыя правы, якія гарантуюцца натуральным чынам усім».

Падчас працы ў амерыканскім Сенаце Джон Маккейн неаднаразова заяўляў з высокіх трыбунаў, што на Лукашэнку нельга спыняць ціск.

«Ягоны голас моцна гучаў у Вашынгтоне, і ў кабінетах улады. Можна было недалюбліваць МакКейна, але яго нельга было абмінуць», – падкрэслівае палітык Анатоль Лябедзька.

У сваіх выступах МакКейн амаль ніколі не абмінаў і лёсу нашых суседзяў: прыхільнік украінскага Майдану, у 2017-м ён заявіў, што Расея Уладзіміра Пуціна ўяўляе яшчэ большую пагрозу свету, чымся гэтак званая «Ісламская дзяржава». Падчас свайго візіту ў балтыйскія краіны напрыканцы 2016-га сенатар-рэспубліканец распавёў «Белсату», што думае пра пацяпленне адносінаў паміж Менскам і Захадам: «Мы чуем, што паміж Пуціным і Лукашэнкам – разлад, што яны не любяць адзін аднаго і не супрацоўнічаюць у той ступені, як раней. Я, вядома, тут не самы кампетэнтны, але мяркую, што беларусы заслугоўваюць нешта значна большае, чымся тое, што маюць сёння».

Палітык Анатоль Лябедзька, які неаднойчы сустракаўся з МакКейнам, адзначае, што ў сваіх заявах адносна Беларусі амерыканскі палітык быў адзін з нямногіх у ЗША, хто апераваў канкрэтыкаю ды прынцыповасцю: «Канечне, без МакКейна амерыканская палітыка наагул губляе шмат. Ну а для Беларусі ягоная каштоўнасць палягала ў тым, што гэта быў чалавек, пра якога не трэба было клапаціцца, што ён можа змяніць свае погляды, змяніць сваю пазіцыю, што ён будзе прыстасоўвацца да сітуацыі».

Не стаў прыстасоўвацца да сітуацыі прынцыповы сенатар і пасля таго, як на прэзідэнта абралі Доналда Трампа – асабісты канфлікт з амерыканскім лідарам, нягледзячы на партыйную роднасць, не развязаўся да самай смерці МакКейна. Менавіта таму сваякі памерлага сенатара заявілі, што не будуць запрашаць прэзідэнта на цырымонію пахавання.

Віталь Бабін, «Белсат»