Магія Белстату: заробкі выраслі, але беспрацоўных усё больш


Творчасць, спорт, адукацыя і сельская гаспадарка. Як вынікае з падрабязных дадзеных Белстату за лістапад, якія былі абнародаваныя цяпер, у гэтых галінах работнікам плацяць наймізэрнейшыя заробкі. Ад 20-30 % спартоўцаў, настаўнікаў ды калгаснікаў працуюць менш, чым за Br 300 рублёў на месяц. Штопраўда, з таго часу, паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні заробак па краіне павялічыўся на 14 %.

Незалежныя прафсаюзы да афіцыйных лічбаў ставяцца скептычна

У Свабодным прафсаюзе металістаў нам паведамілі, што на многіх буйных прадпрыемствах заробак насамрэч, апошнія месяцы расце. Гэтак, на Менскім аўтазаводзе сярэдняя выплата за красавік склала Br 815. Больш актуальных лічбаў пакуль няма, але вядома, што ў чэрвені завод перайшоў з чатырохдзёнкі на пяцідзённы працоўны тыдзень.

Заробкі на прадпрыемствах растуць праз скарачэнне працоўных

Гэтак з 2012-га па 2016-ы год Менскі аўтазавод скараціў колькасць сваіх работнікаў на чвэрць.

«Як быццам і падвышаюцца заробкі. Паколькі колькасць працоўных памяншаецца, фонд заробкаў дзеліцца на тых, хто застаецца і ствараецца ілюзія таго, што заробкі насамрэч растуць», – тлумачыць прыгожыя лічбы Аляксандр Ярашук, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Гэта пацвярджае і афіцыйная статыстыка

Паводле Белстату, за студзень-травень сёлета сярэдні і заробак вырас рэальна, то бок, нават з улікам інфляцыі. Але сярэдні даход насельніцтва, адначасова, зменшыўся. Гэта азначае, што тыя, хто засталіся працаваць, зарабляюць больш, але колькасць кармільцаў у сямʼі змяншаецца і даход на душу насельніцтва, адпаведна, падае таксама.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum