«Мафія свая працуе». У Чэрвенскім раёне абураюцца дзеяннямі рыбгасу


«На гэтых сажалках рыбгас гадуе рыбу, і таму лавіць яе тут забаронена. Але плот паставілі насупраць, на беразе ракі Волма, дзе лавіць рыбу можна». Выказаць незадаволенасць прыйшлі жыхары вёсак Петравінка і Убель Чэрвеньскага раёну. Яны абураныя дзеяннямі дырэктара рыбнай гаспадаркі «Волма» Аляксандра Кулікоўскага, на загад якога на беразе былі высечаныя дрэвы, пастаўленыя незаконныя знакі і гэты плот.

«Калі ты такі разумны, пастаў сетку, дзе патрэбна. Дзе ў цябе рыбу крадуць. А не там, дзе людзям дазволена лавіць. І наступнае, павесіў знак – купанне забаронена. Самаробны знак – стаянка забаронена. Без ДАІ, без усяго, самі зварылі, трубу знайшлі. Ён у нас Даішнік і ён у нас прэзідэнт рыбгасу», – кажа жыхар в. Петравінка Сяргей Агейчык.

Жыццё ў гэтых вёсках заўжды было завязанае на рэцы: цяпер жа падыходы да ракі з усіх бакоў закрытыя, няма куды дзецца ні дарослым, ні дзецям. Замест прыроднае прыгажосці – адчуванне прамысловае зоны.

«Раней прыязджалі, заўсёды купаліся, лавілі рыбу, і клявала лепш. З бацькамі, бабулямі, дзядулямі. А зараз нідзе не пакупацца», – распавядае ўнук жыхара вёскі Андрэй Булойчык.

«Жах нейкі! кашмар!!! Купаліся, мы малыя раслі тут, зараз я ў Менску знаходжуся, прыязджаю на выхадныя, нават адпачыць! Ну няўжо тут можна адпачыць?!!», – абураецца Жанна Мурашка.

За плотам апынулася і месца імпрэзаў, цяпер жыхарам няма дзе сабрацца не толькі для свята, каб выказаць сваю незадаволенасць, стаяць тут, на дарозе.

«Я пытаюся: «А чаму туды нельга»? – «А што вам там рабіць?». Забароненая зона – ракеты стаяць і базы стаяць. Гэта зямля належала гэтай вёсцы. Гэтым дзецям. Было футбольнае поле, валейбольнае поле, адзначалі Купалле, дзень Рыбака», – распавядае жыхар в. Убель Алег Пытко.

Вяскоўцы неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі, збіралі подпісы і хадзілі на прыёмы.

«Прыродаахова, Міністэрства сельскай гаспадаркі, Міністэрства аховы здароўя. Камісія прыязджалі, чэрвеньская пракуратура, райвыканкам, абласная пракуратура, генеральная пракуратура, аблвыканкам, у адміністрацыю прэзідэнта!», – кажа Сяргей Агейчык.

Бярэзінская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага свету пацвердзіла, што рыбгас «Волма» парушыў Водны кодэкс, узвёўшы агароджу бліжэй як 5 метраў да вады. Міністэрства прыроды прызнала адміністратыўнае парушэнне, але справу перакіравалі для разбіральніцтва ў мясцовы выканкам.

«Прыедуць – налажыў мяшок-два – і паехалі. Усё павязана. Мафія свая працуе», – пераканана Жанна Мурашка.

Жыхары адзначаюць, што ўсе пытанні з чыноўнікамі тут развязваюцца праз лазню і рыбу, а пры такім раскладзе да жыхароў вёсак нікому няма ніякае справы.

 

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»