Мадура прыехаў да Лукашэнкі. Прыгожыя словы на фоне катастрафічнага піке


У Менск прыбыў Нікаляс Мадура – прэзідэнт краіны з самымі вялікімі разведанымі запасамі нафты ў свеце. Толькі вось урачыстыя прамовы кіраўніка Беларусі ніяк не сведчылі пра тое, што ў краіну прыехаў чалавек, які сядзіць на куфры з золатам. Падбадзёрванні Лукашэнкі ў стылі «трымайцеся, у нас было і горай» задавалі тон перамовам.

Найбольш красамоўна пра стан рэчаў кажуць лічбы

За апошнія 7 гадоў таваразварот паміж Беларуссю і Венесуэлаю зменшыўся ў 700 разоў. З $ 1,3 млрд у 2010-ым да $ 2 млн летась. Эканоміка Беларусі – у рэцэсіі, эканоміка Венесуэлы – у крутым піке, не зважаючы на гэта, планы ў лідараў дзвюх дзяржаваў напалеонаўскія.

«Можна пабудаваць заводы, стварыць іншыя сектары эканомікі… І ў гэтым новым развіцці індустрыі Венесуэлы мы знойдзем сваё месца ды зможам згуляць значную ролю ў тым, каб Венесуэла пераадолела тыя цяжкасці, якія склаліся цяпер у гэтай краіне», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Правальная гісторыя эканамічных стасункаў

Новае – гэта добра, але варта было б прыгадаць пра стан ужо існых беларуска-венесуэльскіх праектаў. Завод збірання беларускіх машынаў у Барынасе сабраў сёлета з гатовых камплектаў машын 14 аўтамабіляў «МАЗ» і 8 трактароў, пры запланаваным абʼёме 5 000 штук за год. Праекты газіфікацыі ды будаўніцтва жылых абʼектаў ці спыненыя цалкам, ці моцна ўрэзаныя.

Кажучы пра новыя заводы, узгадайма, што венесуэльцы адчуваюць сёння патрэбу нават у таварах першай неабходнасці: медыкаментах, ежы, прадметах асабістай гігіены. Даследаванне трох асноўных універсітэтаў краіны паказала, што за апошнія 2 гады 75 % жыхароў Венесуэлы схуднелі ад недахопу прадуктаў харчавання ў сярэднім на 8,5 кілаграмаў. Больш за мільён дзяцей не наведваюць школы праз нястачу ежы ды праблемы з водаправодам і электрычнасцю.

«Асноўная мэта Мадура падчас гэтай паездкі ў Стары Свет, гэта паспрабаваць у аптымальным выпадку падштурхнуць краіны АПЕК да скарачэння здабычы нафты, плюс падключыць да гэтага афрыканскія краіны. Ну і атрымаць падтрыманне, у тым ліку і маральнае, для сваёй унутранай палітыкі, што цяпер у венесуэльскага лідара ў дэфіцыце», – тлумачыць эксперт Яўген Красулін.

Са справамі нафтавымі Менск дапамагчы Мадуру не ў стане

А маральна падтрымліваць калегу Лукашэнка гатовы хіба толькі на словах. На запланаваным раней супольным адкрыцці ў Менску бронзавага помніку нацыянальнаму герою Венесуэлы Сімону Балівару суправаджаў Нікаласа Мадура толькі намеснік прэмʼер-міністра Уладзімір Сямашка.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum