«Людзі тут вымруць, як мухі». Удзельнікамі стыхійных сходаў пад Светлагорскам занялася міліцыя


«Белсат» працягвае сачыць за жыхарамі Якімавай Слабады пад Светлагорскам, дзе запрацаваў завод сульфатна-беленай цэлюлозы. Па ўсёй мясцовасці разносіцца смурод, з-за якога ў вяскоўцаў пачаліся праблемы са здароўем. Пасля стыхійных сходаў, што адбыліся на мінулым тыдні, да жыхароў вёскі прыйшла міліцыя.

Якімава Слабада – вёска пад Светлагорскам, якую мясцовыя называюць Далінаю смерці.

Невыносны смурод ідзе ад заводу сульфатна-беленай цэлюлозы. Супольны беларуска-кітайскі праект каштаваў сотні мільёнаў долараў, але запрацаваў цішком, без помпы.

«Я сёння ішла пешку, думала задыхнуся. У мяне шасцёра ўнукаў, і вось гэтай гадасцю яны дыхаюць».

Тыдзень таму ў вёсцы адбылося некалькі стыхійных сходаў. Жыхары Якімавай Слабады сабралі подпісы пад зваротамі да Міністэрства здароўя і Адміністрацыі прэзідэнта.

«Абсалютна не падключаная сістэма ачысткі на гэтым заводзе. І наўмысна вытраўліваюць народ».

Чакаць водгуку не давялося доўга. Да ўдзельнікаў сходу прыйшоў участковы.

«Пытаўся пра сход. Хто там быў, хто завадатар. Паказваў здымак дзеўкі. Кажа, хто яна? Яна не мела права здымаць, яна здымала. Я кажу, а што ёй будзе за гэта? Ён сказаў, пакараюць», – кажа жыхар Якімавай Сладабы Анатоль Марыневіч.

Жанчына са здымку – светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова, якая выступала супраць заводу яшчэ на этапе ягонага будаўніцтва.

«Такім чынам яны палохаюць людзей. Яны проста разлічваюць на тое, што пабачыўшы міліцыянта, людзі тут жа разбягуцца і ніхто не будзе выступаць супраць таго, што адбываецца ў горадзе і ў вёсцы Якімава Слабада. Яны палохаюць людзей, каб тыя моўчкі сядзелі і перажывалі сваё гора», – распавядае праваабаронца Алена Маслюкова.

Карэспандэнтам «Белсату» ўдалося датэлефанавацца да ўчастковага Сяргея Шліхтова, які прыходзіў да вяскоўцаў.

«Вы ведаеце, нашая размова запісваецца, таму я не лічу патрэбным перад вамі адчытвацца», – сказаў Сяргей Шліхтоў.

На самім заводзе заяўляюць, што пах не шкодзіць здароўю. Смурод тлумачаць наладжваннем абсталявання і абяцаюць, што ён знікне ў студзені, калі прадпрыемства запрацуе на поўную моц. Што адбываецца на заводзе цяпер, паказвае гэты фотаздымак, што трапіў да журналістаў «Белсату».

«Трэба сваімі словамі называць – гэта атрутныя рэчывы. Людзі адчулі і пачалі абурацца», – кажа мясцовы актывіст Васіль Грыненка.

Абураюцца не толькі жыхары Якімавай Слабады, але і блізкага да гэтай вёскі Светлагорску. Праца прадпрыемства прадугледжвае выкарыстанне дыяксіду хлору, што небяспечна для экалогіі. Чатыры гады таму мясцовыя актывісты намагаліся адмяніць будаўніцтва заводу праз суд. Але беспаспяхова.

«Нават у інтэрнэце чытаем. Зараз жа ўсе людзі разумныя, граматныя. Няўжо ў жылым масіве можна будаваць такі завод? Гэта ж страшна», – адзначае жыхарка Якімавай Слабады.

Страшна і тое, што пра запуск заводу жыхары даведаліся, толькі адчуўшы смурод.

Урачыстае адкрыццё мела адбыцца яшчэ ў лістападзе. І нават казалі, што ў Якімаву Слабаду прыедзе сам Аляксандр Лукашэнка…

«Я думаю, што трэба неяк данесці да прэзідэнта. Але я думаю, што ён ведае. І ўвесь урад ведае. Проста хіба вельмі шмат сродкаў укладзена сюды і канешне не зачыняць. Я думаю, людзі тут вымруць, як мухі», – кажа мясцовая жыхарка.

 

Вольга Жарнасек, «Белсат»