Аб'ектыў 16.07.2017 Лясная чума: на поўдні Беларусі гінуць сасновыя лясы


На поўдні Беларусі гінуць сасновыя лясы. На дрэвы напалі шкоднікі: караеды. Лясное ліха за лічаныя тыдні прыняло буйныя маштабы, адмыслоўцы кажуць, што заражаныя больш за паўтары тысячаў гектараў лесу. Над ліквідацыяй заражаных лясоў караедамі ў Гомельскай вобласці ўжо працуюць 200 чалавек і 58 адзінак тэхнікі. Метад на «лясную хваробу» адзіны – высяканне ачагоў заражэння.

«Трэба рабіць татальныя рубкі на месцы ачагоў гэтых караедаў. Ужо зрабілі адводкі, будзем высякаць. А галлё трэба спальваць, таму што там знаходзіцца гэты караед, каб далей не распаўсюджваўся», – кажа ляснік Церахоўскага лясгасу Аляксандр Майсеенка.

Раней такога маштабнага распаўсюду караедаў адмыслоўцы не прыгадваюць і звязваюць навалу са зменаю клімату.

Раней садзілі «чысты лес», апошнія дзесяцігоддзі высаджваюць – змяшАны, бо такі лес больш устойлівы: тры шэрагі бярозаў, тры – сасны. З часам спраўдзіцца, ці гэткі метад дзейсны ў барацьбе з ляснымі паразітамі.

«Саснікі аслабленыя. І няма супраціву ў дрэвастою на гэтага шкодніка. І яны нападаюць на больш слабыя і распаўсюджваюцца на здаровыя», – кажа памочнік ляснічага Мікалай Лосеў.

Праблема комплексная. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла асушэнне балотаў у 70-ыя гады. Знясільваецца не толькі сасновы лес, але з прычыны зніжэння грунтовых водаў гінуць і дубравы.

«Страчана ўстойлівасць лясоў. Паніжэнне грунтовых вод, засушлівае лета, стала мала ападкаў«, – адзначае Мікалай Лосеў.

Але, калі лес чысціць, то рабіць трэба грунтоўна, не пакідаць «нарыхтоўку» пад адкрытым небам, каб не ствараць чарговы расаднік паразітаў.

«Калі кажуць, што лес хварэе, то трэба чыстую чыстку рабіць, а не так узяць такідаць і яно гніе», – кажа грыбнік Барыс Анікееў.

Пакуль жа на паседжанні адмысловай раённай камісіі напад караедаў прызналі надзвычайнаю сітуацыяй прыроднага характару, справу перадалі на разгляд у абласную камісію.

 

Наста Ільіна, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары