Пакуль працаўнікі дзвюх найбуйнейшых медыякампаніяў застаюцца пад крымінальнымі справамі, паралельна ўлады рыхтуюць шэраг заканадаўчых новаўвядзенняў, каб упарадкаваць інфармацыйнае поле Беларусі. Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заявіў, што неўзабаве нармалізуюць і гэтак званы нацыянальны тэлевізійны кантэнт.
Будынак у цэнтры гораду, дзясяткі медыяў, сотні мільёнаў долараў з бюджэту. Але ці маюць яны аўдыторыю?
Жыхары Менску:
«Аднабокасць. Па сутнасці аднабокая пазіцыя».
«Навіны я чытаю ў інтэрнэце, бо па беларускім ТБ яны не заўсёды праўдзівыя».
«І здаецца, гаворым на адной і той жа мове, але так непісьменна. Проста жах. Таму я аддаю перавагу Расеі».
Міністэрства інфармацыі рыхтуе праект пастановы аб нацыянальным тэлевізійным кантэнце на дадатак да змененага закону аб СМІ, які запрацуе ад снежня. У ім гаворыцца пра абавязак тэлеканалаў мець прынамсі 30 % праграмаў айчыннай вытворчасці. Якой якасці?
У жніўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб фактычным прыраўнанні дзяржаўных медыяў да аддзелаў дзяржаўнай прапаганды. А таму новыя пастановы, імаверна, маюць акрэсліць цяплічныя ўмовы для стварэння такога кантэнту з боку дзяржаўных СМІ, і наадварот – абмежавальныя рамкі для канкурэнтаў.
«Лукашэнка пад шумок змагання з расейскай прапагандай і фэйкамі спрабуе зачысціць поле ад канкурэнтаў, такіх як радыё «Рацыя», «Белсат», ЕРБ, а таксама ўнутраных канкурэнтаў, такіх як «Народная Воля», «Белгазета», «Камсамолка», тых, хто даюць незалежны погляд», – кажа віцэ-прэзідэнт «DIGITAL COMMUNIСATION NETWORK» Франак Вячорка.
Пакуль жа на тэлевізійным рынку кантэнт беларускай вытворчасці існуе хутчэй фармальна, для запаўнення сеткі дзяржаўных каналаў. У рэйтынгах 15 найбольш папулярных сярод гледачоў праграмаў фігуруе толькі «Добрай раніцы, Беларусь!». Рэшта – расейскія праграмы і серыялы.
Жыхары Менску:
«Гляджу «Белсат», але агулам беларускія рэдка».
«Навіны глядзім. Праграма «Время» і падобныя, НТВ, «Рамблер», «Лента».
«Тут.бай», «Медуза», «Лента.ру». – А чаму не глядзіце беларускае тэлебачанне? – А там прапаганда, не хачу глядзець».
А таму куды лепшая для інфармацыйнай незалежнасці краіны сітуацыя на рынку інтэрнэт-СМІ. Камерцыйны медыягігант TUT.BY штодня мае больш за 2 мільёны 200 тысяч наведнікаў, гэта амаль кожны другі беларус з інтэрнэт-доступам. TUT.BY узначальвае таксама рэйтынг інфармацыйных парталаў; адзінае дзяржаўнае выданне, якое трапіла ў рэйтынг, – «Савецкая Беларусія». Выданне з бюджэтным фінансаваннем і ўнікальным доступам да інфармацыі толькі замыкае дзясятку.
«Вядома, важна, каб задумваліся не толькі над вытворчасцю кантэнту, а і спажывальнікамі – намі з вамі. А для гэтага трэба прыкладаць высілкі для павышэння медыяпісьменства. Каб чытачы маглі прадуктыўна выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі – традыцыйныя і лічбавыя, і каб чытачы маглі ацэньваць якасць і верагоднасць інфармацыі, якую яны атрымліваюць», – кажа дырэктар даследчай кампаніі «#DB3» Міхаіл Дарашэвіч.
А для ацэнкі патрэбная колькасць. Не кантэнту, а рэдакцыяў з рознымі поглядамі.
Пасля крымскіх падзеяў у медыйных колах заіскрылася надзея аб прынамсі неварожым стаўленні дзяржавы да нацыянальных медыяў. Але апошнія скаардынаваныя дзеянні ўладаў паказваюць ясна: для Менску ёсць толькі дзяржаўныя рэдакцыі прапаганды, а любыя СМІ – патэнцыйныя ворагі. Проста сваіх душаць рэпрэсіямі, а расейцаў выцясняюць прыгожымі словамі пра «нацыянальны кантэнт».
Алесь Залеўскі belsat.eu