Аб'ектыў 25.08.2017 Лукашэнка перайшоў мяжу. Беларусы пра форму дзяцей «пятай калоны»


Усё найлепшае – дзецям. Гэтая ходкая фраза, якую прынята прыпісваць Уладзіміру Леніну, бадай, стала сімвалам двудушнасці савецкае сістэмы ў дачыненні дзяцей. Як выявілася праз дзесяцігоддзі, у сённяшняй Беларусі падзел дзяцей на сваіх і не сваіх дапускаецца на самым высокім узроўні.

«Трэба прапанаваць некалькі варыянтаў гэтай формы школьнай. І каб было зручна і для дзяцей з пятай калоны (мы ж яе не выкінем, гэта ж нашыя дзеці), і для нашых, звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць нашую радзіму», – шакаваў усіх Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржаўныя тэлеканалы не адважыліся паўтарыць фразу

Канкрэтна гэтыя словы кіраўніка краіны з дзвюхгадзіннай інтэрнэт-версіі дзяржаўнае Агенцтва тэлевізійных навінаў выразала. Выступаў кіраўнік краіны на паседжанні Рэспубліканскай педагагічнай нарады.

«Лукашэнка сам добра не падумаў перад тым, як гэта сказаць, але гэта адлюстроўвае тое, што сядзіць у яго ўнутры, у яго ў галаве», – упэўнены старшыня Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Апазіцыйны палітык Юрась Губарэвіч – бацька 13-гадовай Агаты і 9-гадовай Івоны. Чуць, што яна нібыта дзіця пятай калоны, старэйшай дачцэ непрыемна, але ў штодзённых школьных дачыненнях ніякай дыскрымінацыі праз палітычныя погляды бацькоў яна не адчувае.

Вось зараз рэальна крыўдна было

Для шмат якіх інтэрнэт-карыстальнікаў гэтым неасцярожным выказваннем, здавалася б – чарговым, Лукашэнка перакрочыў мяжу дазволенага.

«Усё жыццё толькі і робіць гэты чалавек, што нацкоўвае адных беларусаў на другіх», – піша карыстальнік S. NEMO.

«Ну, дапусцім, дзецям з пятай калоны і нашым звычайным будзе зручна, а дзецям дармаедаў падыдзе? А калі, скажам, «нашыя дзеці», як і іхныя бацькі, – аматары формы НКУС, тады як быць?», – паўжартам пытае іншы карыстальнік R-O-N-I-N.

Пра стаўленне да размежавання дзяцей на звычайных і незвычайных негатыўна адгукнуліся і апытаныя намі мінакі на вуліцах беларускай сталіцы.

Апазіцыянеры, журналісты, пісьменнікі – адным словам, іншадумцы

У савецкія часы, адзначае метадолаг Уладзімір Мацкевіч, аднымі з галоўных інструментаў на ідэалагічнай службе былі піянерская арганізацыя і камсамол.

«Каб адрываць дзяцей ад бацькоў, бацькоў ад дзяцей, каб яны выхоўваліся ў іншым светапоглядзе. Спроба паўтарыць Камсамол і піянерыю ў выглядзе БРСМ не ўдалася», – мяркуе Мацкевіч.

Дзеці як прадмет шантажу

Актыўна дзіцячую карту ў палітычнай барацьбе ўлады разгульвалі зусім нядаўна, пасля вясновых пратэстаў. Да палітыка Алеся Лагвінца, які ў красавіку адседзеў 10 сутак адміністратыўнага арышту, дадому наведваліся сацыяльныя педагогі са школы, куды ягоны малодшы сын мае пайсці праз некалькі гадоў.

Забраць 10-гадовага сына пагражалі журналістцы-фрылансэрцы Ларысе Шчыраковай.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары