Лукашэнка падмануў народ і так не разабраўся з тарыфамі «ад балды»


Год мінуў, рэформу ЖКГ правялі, аднак разлікі зноў налічылі «ад балды». Днямі былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб вырашыў параўнаць жыроўку за снежань з жыроўкаю за аналагічны перыяд пазамінулага года.

«Я ўзяў, паглядзеў, і апынулася, што больш як на 30 % за снежань я заплаціў больш, чымся за снежань 2015-га года. Тым больш што пенсія ў мяне засталася такая ж, якая была год таму». – параўноўвае спадар Грыб.

«Жэстачайшэ» не пакараў?

Разабрацца з вінаватымі ў завышаных коштах па разліках за паслугі ЖКГ ды надзець на іх кайданкі Аляксандр Лукашэнка загадаў яшчэ летась у лютым.

Неўзабаве тых, хто, паводле кіраўніка краіны, прыдумаў гэткую «балду» быццам бы арыштавалі, ажно дзясятак чалавек. Прынамсі гэтак паведамілі ўлады. Але канкрэтных імёнаў не агучылі. Нічога невядома пра таямнічыя справы і да сённяшняга дня. Урад жа ў сваю чаргу распачаў рэформу сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Ці сталі за гэты год беларусы давяраць сістэме ЖКГ?

«Не давяраю. Чаму? Бо не апраўдана гэта ўсё. Не бачна наглядна, што і як».

«Не ведаю, ад чаго гэта залежыць, але яна не эфектыўная – гэта дакладна».

«Заўсёды любы кошт можна патлумачыць. Тут толькі майстэрства бухгалтара, так сказаць. Таму я гэтаму не давяраю».

«Давяраю, усё давяраю. Я давяраю свайму прэзідэнту»

– кажуць менчукі.

Да канца гэтага года насельніцтва Беларусі мусіць пагашаць 75 % ад агульнай сумы

Аднак сёння генеральны дырэктар прадпрыемства «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» Віталь Смірноў канстатаваў, што спажыўцы ўжо цяпер плоцяць больш за 60 % ад іх сабекошту. Адкуль узяліся гэтыя лічбы?

«Тыя лічбы, якія прадʼяўляе нам сістэма ЖКГ – яны неадэкватныя. Менавіта таму нельга сказаць, плацім мы зараз 60 %, 70, 80, ці будзем мы плаціць 100 % у будучыні ці плацім мы іх ужо зараз», – мяркуе былы працаўнік ЖКГ Павел Спірын.

Заплоцяць усе

Толькі планавае давядзенне коштаў на паслугі ЖКГ да стоадсоткавага пакрыцця – усяго на пяць долараў штогод – абяцаў падчас парламенцкіх выбараў кіраўнік Беларусі. Аднак і ў гэтым выпадку – з агаворкаю.

«Той, хто можа плаціць, мусіць плаціць, будзе плаціць. Хто мусіць і павінен, вы згодныя? Нават 150», – казаў Лукашэнка.

Мусяць заплаціць немалыя грошы за камунальныя паслугі беларусы і ў наступным месяцы, калі прыйдуць разлікі за студзень – месяц з моцнымі маразамі, які пацягне за сабой і моцныя рахункі за ацяпленне. Што праўда, цягам сямі дзён улады будуць вырашаць, як палягчаць гэткую фінансавую нагрузку ды ці размяркоўваць гэтую суму на вясеннія жыроўкі.

Віталь Бабін, «Белсат»