Лукашэнка ў Душанбэ: крытыкаваў СНД і частаваўся гранатамі


У Душанбэ завершылася паседжанне савету кіраўнікоў-удзельнікаў СНД. Лідары прынялі ажно 16 рашэнняў. Што праўда, значнасць іх пад пытаннем. Але вызначылі культурніцкую сталіцу наступнага года (ёю стане беларускае Берасце), паразмаўлялі пра святкаванне 75-годдзя Перамогі, пра бяспеку ў рэгіёне ды культуру. Але што засталося недаказаным?

Не хлебам і соллю, а экзатычнымі дарамі прыроды незаможны Таджыкістан шчодра прывітаў высокіх гасцей – кіраўнікоў краінаў Садружнасці незалежных дзяржаваў. Садавіна, гародніна, сухафрукты, мёд, нацыянальныя стравы – усё гэта чакала кіраўнікоў дзевяці краінаў СНД на Вечары сяброўства, арганізаваным у рэзідэнцыі Эмамалі Рахмона. Прэзідэнт Таджыкістану вітаў і за руку вадзіў гасцей па сваіх уладаннях.Гэтак жа цёпла вітаў Эмамалі Рахмон калегаў і раніцаю падчас адкрыцця афіцыйнай часткі саміту СНД.

Эмамалі Рахмон, прэзідэнт Таджыкістану:

«Шаноўныя кіраўнікі дзяржаваў і дэлегацыяў. Дазвольце перадусім сардэчна прывітаць вас і пажадаць вам прыемнага перабывання ў Душанбэ, а ўсім нам – паспяховай і плённай працы».

Але, нягледзячы на гэтыя пазітыўныя пажаданні, ад кіраўніка Беларусі калегі пачулі словы крытыкі:

«Сёння, на жаль, у нас адсутнічае агульнае бачанне і «генеральны» план развіцця СНД. Не атрымалася да канца сфармуляваць тэарэтычную мадэль і стварыць практычную стратэгію эканамічнай інтэграцыі нашых краінаў».

Што праўда, рыторыка кіраўніка Беларусі – не новая. Год таму на саміце ў Сочы Лукашэнка выказваў тую ж думку:

«Мы па-ранейшаму топчамся на месцы. Заяву пра запатрабаванасць Садружнасці трэба падмацаваць канкрэтнымі дзеяннямі».

Год прайшоў, а воз і цяперака там. Там жа і леташнія, і сённяшнія заахвочванні Лукашэнкі актывізаваць гандаль. Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі:

«Беларускі бок амаль ва ўсіх сваіх міжнародных дачыненнях звяртае ўвагу на эканамічны бок – што мы можам атрымаць ад гэтай супрацы. Даволі прагматычна падыходзіць прынамсі на словах».

Пакуль кіраўнік Беларусі кажа агульныя словы, кіраўнік Расеі прапанаваў на саміце канкрэтныя рэчы: у прыватнасці, пашырыць практыку ўзаемных разлікаў у нацыянальных валютах. Што азначае ўзмацненне ролі расейскага рубля. У планах расейскага лідара і пашырэнне Еўразійскага Саюзу. Павел Усаў, палітолаг:

«Расея хацела б даўно ўжо ператрансфармаваць СНД і перацягнуць усе краіны, якія знаходзяцца ў Садружнасці, у Еўразійскі саюз, але гэтага не адбываецца, бо некаторыя з краінаў, тая ж Малдова, Таджыкістан і Узбекістан, не жадаюць уключацца ў глыбокія інтэграцыйныя працэсы».

Уключаная ж у глыбокія інтэграцыйныя працэсы Беларусь усцяж чакае плёну ад інтэграцыі. Не развязаліся праблемы і сёння, падчас саміту і нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі:

«Вельмі балючыя пытанні з рээкспартам нафтапрадуктаў, з кампенсацыяй падатковага манеўру, які ўвяла Расея. Я думаю, яны будуць у завіслым стане».

І хоць кіраўнік Беларусі незадаволены з функцыянавання СНД, недаразвязаннем пытанняў з Пуціным, аднак плюс у паездцы ў Душанбэ есць: Лукашэнка атрымаў гранаты і зладзіў пазачарговыя канікулы для свайго сына-школьніка.

Вольга Старасціна, belsat.eu

Фота: president.tj