Ранішні прылёт беларускага борта № 1 у Маскву расейскія медыі праігнаравалі.
Суцэльную ўвагу журналістаў забраў «Форум дзеянняў» Агульнарасейскага народнага фронту з удзелам прэзідэнта. Уладзімір Пуцін на спатканне з беларускім калегам відавочна не спяшаўся.
Шматгадзіннае чаканне Лукашэнкі ля крамлёўскіх сценаў невыпадковае, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
«У Маскве ўсё адно Беларусь расцэньваюць як малодшую сястру і тут маючы на ўвазе вялізную эканамічную залежнасць, безумоўна, не без таго – не без паказу хто ў доме гаспадар».
Пра гэта Лукашэнка заявіў на прэс-канферэнцыі для расейскіх медыяў, анансуючы свой прыезд у Маскву. Кіраўнік Беларусі востра выказаўся пра адсутнасць прагрэсу ў стасунках з Масквою.
А гэта – страты беларускага бюджэту ў сувязі з расейскім крызісам і няспынныя харчовыя войны. І яшчэ адное адвечнае – пытанне коштаў на расейскія вуглевадароды. Газавы канфлікт паміж суседкамі цягнецца ўжо амаль год.
«У Маскве Лукашэнку цікавяць газ і крэдытаванне нашай эканомікі. Ён не спраўляецца з крызісам, які працягваецца ўжо нейкі час», – кажа малады мужчына.
«Візіт нічога не значыць. Нікчэмнае бавенне часу. Тое самае як ён паляцеў адпачыў у Катары, і па ўсім свеце адпачывае з Коленькай», – яшчэ адно меркаванне менчука.
«Лукашэнка едучы ў Маскву кожны раз думае, як кажуць «С паршивой овцы хоть шерсти клок» – ухапіць хоць што. Цяпер, калі не даюць яны зніжку на газ наўпрост, то трэба дамагчыся хаця б міжбюджэтнай кампенсацыі, якую Масква нібыта паабяцала, а пазней кажа: нам тут трэба цэлы пакет дакументаў падпісаць. Які пакет – гэта загадка», – дадаў Аляксандр Класкоўскі.
Як мяркуе эксперт, можа зноў паўстаць пытанне расейскай авіябазы ў Беларусі.
А таму Лукашэнка не стамляецца шукаць палітычных дывідэндаў не толькі ад Масквы. На ўчорашнім спатканні з прадстаўнікамі Еўразвязу ён запрапанаваў зрабіць Менск глабальнаю перамоўнаю пляцоўкай паміж Усходам і Захадам, чым нагадаў вядомую прамову Астапа Бэндэра перад аматарамі шахматаў у правінцыйных Васюках.
І калі мэтаю Астапа Бэндэра было абдурыць правінцыяльных шахматыстаў, то Лукашэнка паставіў перад сабою значна больш высокую планку.
Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: president.gov.by