Лукашэнка адмаўляецца ад шматвектарнасці


«Кіраваць войскамі падчас адбіцця агрэсіі» пад Берасцем трэнуюцца расейскія і беларускія дэсантнікі. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, супольныя вучэнні будуць праводзіць часцей, чым дагэтуль.

Баявыя машыны дэсанту расейскай арміі мінаюць раку Мухавец. З паветра іх прыкрываюць беларускія і расейскія верталёты. На нашай заходняй мяжы пачаўся другі этап вучэнняў «Славянскае братэрства».

«Лукашэнка хоча нібыта адпомсціць, прычыніць непакой. Я думаю, што асноўная яго мэта – абудзіць нервовасць у сваіх суседзяў», – мяркуе вайсковы аналітык Аляксандр Алесін.

1200 беларускіх і 300 расейскіх вайскоўцаў трэнуюцца пад Берасцем. Яшчэ 350 беларускіх салдатаў адправілі ў Расею – пад Астрахань. Там учора пачаліся вучэнні «Каўказ-2020». Праводзіць супольныя манеўры як мага часцей, каб нагнаць сарваныя COVID-19 планы супрацы, прапанаваў Крамлю Аляксандр Лукашэнка.

«Калі мы прыгадаем дакументы, якія рэгламентуюць нашую вайсковую супрацу, то там запісана, што расейскі кантынгент са зброяй можа заставацца не больш за два месяцы. Калі мы накладзем гэта на штомесячныя вучэнні, то атрымаецца, што ўвесь час на тэрыторыі нашае краіны будзе нейкі расейскі кантынгент», – сцвярджае вайсковы аналітык.

Менск капіюе ратацыйныя вучэнні краінаў NATO – мяркуе Аляксандр Алесін. Вайскоўцы з Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Францыі і ЗША рэгулярна трэнуюцца ў краінах Балтыі ды Польшчы з часу, калі Расея анексавала Крым і ўварвалася на Данбас. Раней Менск дэклараваў шматвектарную палітыку і заходнія манеўры пагрозаю не лічыў.

«Шматвектарнасць, канструкт пра Беларусь як краіну-міратворца, донара бяспекі, ідэі арганізаваць канферэнцыю Хельсінкі-2 – усё гэта знікла. А гэта, дарэчы, вынік шматгадовай працы ўсяго беларускага МЗС на чале з Макеем», – зазначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Адмовіцца ад шматвектарнай палітыкі прапанаваў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. Былы прэс-сакратар МЗС лічыць за найлепшае ўзмацняць саюзную дзяржаву з Расеяй ды «уваходзіць у ядро новага Еўразійскага макрарэгіёну». Паварот на Усход будзе каштаваць дорага – лічыць Валер Карбалевіч:

«Еўрапейскія інвестыцыі значна скароцяцца. Фактычна знікнуць усе тыя праграмы, якія крэдытавалі еўрапейскія фінансавыя ўстановы: Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, тыя грошы, якія ішлі ад Еўракамісіі ў рамках «Усходняга партнёрства».

«Я гатовы прыехаць у Менск, калі гэта будзе спрыяць прагрэсу. Пакуль Лукашэнка адмаўляецца ўзаемадзеяць з Еўрапейскім Звязам на любым узроўні», – заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатычнай службы Жузэп Бурэль.

А ці згодныя беларусы з тым, што Менск намераны больш развіваць адносіны з Расеяй і менш – з заходнімі суседзямі?

«Я хачу, каб мы самі па сабе былі, каб сябравалі з усімі, але ні пад каго не падладжваліся».

«У Еўропе проста больш магчымасцяў, вось і ўсё, а на ўсходзе – не асабліва многа, не варта толькі з адной Расеяй супрацоўнічаць».

«У нас эканоміка завязаная на Расею, мы ўсе з Савецкага Саюзу».

«Хацелася б быць самастойнай краінай, якая б магла сябраваць і з Усходам, і з Захадам. На Захадзе шмат у каго з нас ёсць і сябры, і родныя», – нагадваюць жыхары Віцебску.

Наступны раз расейскія вайскоўцы завітаюць да нас 12 кастрычніка. Пад Віцебскам пачнуцца вучэнні АДКБ «Непарушнае братэрства – 2020». Удзел у іх возьмуць салдаты з Беларусі, Расеі, Арменіі, Казахстану, Кыргызстану і Таджыкістану.

Аляксандр Папко, «Белсат»