Аб'ектыў 23.04.2017 Літоўскі самалёт парушыў мяжу ў раёне Астравецкай АЭС


Міністэрства замежных справаў Беларусі 22-га красавіка ўручыла ноту пратэсту амбасадару Літвы Андрусу Пулокасу ў звязку з парушэннем беларускай дзяржаўнай мяжы літоўскім паветраным суднам.

«19 красавіка а 13:36 дзяжурнымі сродкамі радыёлакацыі супрацьпаветранай абароны Рэспублікі Беларусь быў зафіксаваны лёгкаматорны самалёт у раёне Вільні, які здзяйсняў палёт у кірунку нашай дзяржаўнай мяжы», – паведаміў камандуючы ВПС і войскамі СПА Алег Двігалёў.

Беларускі бок ідэнтыфікаваў самалёт як грамадзянскі. Ён паспеў праляцець па тэрыторыі Беларусі прыблізна 8 кіламетраў, пасля чаго здзейсніў манеўр і вярнуўся ў Літву.

Вайскоўцы асабліва падкрэсліваюць, што інцыдэнт адбыўся ў раёне будоўлі Астравецкай АЭС.

Для спынення самалёту беларускія войскі сілавых захадаў гэтым разам не ўжывалі, спісаўшы парушэнне на памылку пілота. Аднак яны не выключаюць магчымасці выкарыстання сілы ў такой сітуацыі ў будучыні.

Пакуль жа афіцыйная Вільня выпадку не каментуе.

У сваю чаргу летам мінулага года Літва заяўляла пра парушэнне сваёй паветранай прасторы беларускім суднам «нявызначана тыпу», а чатыры гады таму – вайсковым самалётам.

Глядзі таксама
Каментары