Аб'ектыў 18.09.2018 Ліквідатар аварыі на ЧАЭС: «Нас, ветэранаў МНС, выганяюць на вуліцу»


Яны ратавалі нашыя жыцці, а сёння ратаваць трэба іх самых. У Беларусі са службовых кватэраў плануюць выселіць сем’і былых ратавальнікаў – ветэранаў, інвалідаў, пенсіянераў службы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

«Цяжка гаварыць. Столькі адпрацаваўшы, як гаворыцца, нас, чарнобыльцаў, у дадзены момант выганяюць на вуліцу» – дзеліцца Сяргей Цэдрык, ветэран МНС, чарнобылец.

Былы ліквідатар наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, а цяпер пенсіянер Сяргей Цэдрык адпрацаваў у пажарнай частцы 25 гадоў і ўратаваў дзясяткі, калі не сотні жыццяў. Цяпер ён можа застацца без жылля. Праз 8 месяцаў яго сям’я мусіць вызваліць ведамасную кватэру.

«Атрымоўваецца – выйсці на вуліцу і бамжаваць, разам з бамжамі. Па памыйках буду жыць. Гэта я за 25 гадоў, і чарнобылец, і ўсе такія ж, як і я, атрымліваецца, столькі па рэспубліцы людзей» – кажа Сяргей Цэдрык.

Старыя законы пакідалі жытло за тымі службоўцамі, якія адслужылі ў МНС 10 гадоў. А пасля з’явіўся Указ Аляксандра Лукашэнкі №653 ад 2013 года. На яго падставе загадам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях службовае жыллё набыло статус спецыяльнага. У той час не ўсе мелі магчымасць прыватызаваць кватэры. Сусед Сяргея тлумачыць, што заявы на прыватызацыю падавалі ўсім домам. Сяргей Пятроўскі, падпалкоўнік МНС:

«Нам адмовілі. Без тлумачэння прычынаў. Чаму? Таму што выйшаў закон заднім чыслом, што мы не маем права прыватызаваць кватэры. Вось такая сітуацыя. Мы жывем тут ужо па 17 гадоў».

Цяпер у кватэрах могуць заставацца толькі дзеючыя супрацоўнікі службы МНС. За бортам апынуцца тыя, з кім не прадоўжылі працоўныя кантракты. Віталь Навіцкі, прэсавы сакратар МНС, тлумачыць:

«Для таго, каб гэтыя людзі маглі застацца ў гэтых памяшканнях, ёсць два варыянты. Першы варыянт – хто-небудзь з іх або іх сваякоў уладкоўваецца на працу ў органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях (пры наяўнасці такой магчымасці). Другі варыянт – і такія сітуацыі ўжо былі – звяртаюцца ў суд».

У 2013-м годзе Менскае гарадское ўпраўленне МНС прапаноўвала выйсце: долевае будаўніцтва вартасцю 1400 долараў за квадратны метр. Але дзе ўзяць такія грошы? Ала Шлойда, юрыст-кансультант:

«Калі паглядзець прычыну звальнення, то амаль кожны звольнены з частковай стратай здароўя. Чарнобыльскія ўдзельнікі, узнагароджаныя не аднойчы».

У Менску блізу 30 сем’яў, якія аб’ядналіся каб адстойваць свае правы на жыллё. Да іх далучыліся і некалькі сем’яў з Жодзіна і Маладзечна. Падрыхтаваныя звароты ў Савет бяспекі, Генпракуратуру, Камітэт дзяржкантролю і ў Адміністрацыю прэзідэнта.

На форме нашага героя 7 медалёў – за працу, мужнасць. Вось гэты медаль, «За бездакорную службу», быў атрыманы ад самаго Аляксандра Лукашэнкі. Аднак нагадаю, што спачатку ліквідатараў наступстваў Чарнобыльскай катастрофы дзяржава пазбавіла статусу і льготаў. А сёння праз Указы і Законы сям’ю ветэрана Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адпраўляюць на вуліцу. Напрошваецца рытарычнае пытанне: хіба, такім мусіць быць клопат дзяржавы аб тых, хто ратуе нашыя жыцці?

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Фота: / FORUM

Глядзі таксама
Каментары