«Баварыя», паздзекаваўшыся на «Альянц Арэне» з турэцкага «Бэшыкташу», далучылася да «Лівэрпулу» і «Манчэстэр Сіці», якія ўжо пасля першых матчаў выканалі задачу выхаду ў чвэрцьфінал.
«Бэшыкташ» і пачаў сустрэчу нядрэнна, нават барацьбу нейкую навязваў, а потым на роўным месцы здарылася выдаленне Віды, якое ўсё і зламала гасцям. Яны па інерцыі яшчэ змагаліся, доўга ўпіраліся, аднак супрацьпаставіць нямецкай машыне нічога не здолелі. Дублі на рахунку Робэрта Левандоўскага і Томаса Мюлера, адзіны гол забіў Кінгслі Каман.
У другім супрацьстаянні яшчэ не ўсё зразумела: «Чэлсі» на сваім полі мірам – 1: 1 – разышоўся з «Барсэлонаю». У гэтай сустрэчы мы ўбачылі сутыкненне двух зусім розных філасофіяў: контратакавальны стыль лонданцаў і дамінантны футбол каталонцаў. На гол Ўільяна госці адказалі дакладным стрэлам Мэсі. На «Кам Ноў» «Чэлсі» задаволіць толькі перамога. У больш галявую нічыю па выніках матчу ў адказ верыцца з цяжкасцю. Cёння 1-8-ая працягнецца сустрэчамі «Сэвілля» – «Манчэстар Юнайтэд» і «Шахцёр» – «Рома».
Фота – Christian Kolbert/Kolbert Press/Reuters/Forum