Лідар Камуністычнай партыі Ігар Карпенка прызначаны міністрам адукацыі Беларусі


Памятаеце Ігара Карпенку, камуніста ў чырвонай куртцы, які працаваў намеснікам старшыні Менгарвыканкаму насупраць Дому Ўраду? Цяпер ён працуе насупраць выканкаму, у двух кроках ад помніка Леніну. Сёння супраць прызначэння Карпенкі міністрам адукацыі выступіла партыя БНФ. Нашчадкі Беларускага Народнага Фронту, які паўстаў на праўдзе аб антыбеларускіх камуністычных рэпрэсіях, накіравалі зварот у Канстытуцыйны суд з просьбаю аб праверцы.

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

«Мы лічым прызначэнне спадара Карпенкі міністрам адукацыі вельмі шкодным для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў, для самой сістэмы адукацыі. Ягоная дзейнасць на папярэдніх дзяржаўных пасадах сведчыць, што ён займаўся актыўным прасоўваннем ідэалогіі сваёй камуністычнай партыі».

Але для Аляксандра Лукашэнкі гэта не стала перашкодаю для выбару міністра адукацыі.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Прызначэнне… кіраўніка Кампартыі гэта ледзь не вяртанне Лукашэнкі да старога. Асабіста я гэтага не баюся, не ведаю, як вы. Наадварот».

Нараджэнец Кемераўскай вобласці Расеі, Ігар Карпенка скончыў Менскі педагагічны. Там жа быў выкладчыкам, прарэктарам у выхаваўчай частцы. Сярод іншага, выкладаў культуру маўлення і падтрымліваў студэнцкі тэатр.

Скончыў і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У міністры скокнуў з пасады намесніка старшыні Менскага гарвыканкаму. Уладзімір Мацкевіч бачыць у гэтым прызначэнні чарговы крок да поўнага разбурэння адукацыйнай сістэмы.

УЛАДЗІМІР МАЦКЕВІЧ, ФІЛОСАФ, МЕТАДОЛАГ:

«Карпенка амаль нічым не вызначыўся ў галіне адукацыі, ніякіх працаў, ніякіх карʼерных дасягненняў не меў, і гэта цалкам ідэалагічнае прызначэнне».

Калісьці Карпенка быў піянерважатым, сакратарам камітэту камсамолу. Як кіраўнік праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, Карпенка арганізаваў зʼезд камуністычных партыяў з розных краінаў у музеі Вялікай Айчыннай вайны.

ІГАР КАРПЕНКА, ПЕРШЫ САКРАТАР КПБ:

«Мы мусім з мінулага ўзяць усё найлепшае. Рэспубліка так і арыентаваная, і палітычны курс, які тут ажыццяўляецца, так і арыентуе насельніцтва. Глядзіце, мы, напрыклад, захавалі шэраг савецкіх святаў».

Але ўся савецкасць Ігара Карпенкі ўпісваецца ў канцэпцыю лукашэнкаўскай вертыкалі. Таму школам, вучэльням і ВНУ варта чакаць зменаў у больш ідэалагічны бок.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Мы паставілі канкрэтныя задачы, у прыватнасці, у распрацоўцы новых падручнікаў. У тым, што пакінуць у літаратуры расейскай, беларускай, што прыбраць. Якія ўвогуле курсы з сярэдняй школы і пачатковай, базавай прыбраць. Яны нам не патрэбныя!»

Ужо дакладна вядома, што Ігар Карпенка хоча ўвесці адзіную школьную форму для ўсёй Беларусі. Па-першае, усе вучні будуць аднолькавыя, па-другое, канцэрн «Беллегпрам» атрымае шмат замоваў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Максім Гучэк / Белта