Аб'ектыў 21.04.2017 Лібералізм – гэта не для Беларусі. Асноўныя тэзы з паслання Лукашэнкі


Дзве з паловаю гадзіны Аляксандр Лукашэнка звяртаўся да народа і парламента. У прамове было ўсё: ад жадання міру з усімі да закрыцця межаў для замежных тавараў. Кіраўнік Беларусі не шкадаваў абвінавачанняў у бок Захаду, а таксама атакаваў незалежныя медыі – нібыта яны правакуюць беларусаў. У галоўных тэзісах паслання Лукашэнкі разбіраўся Юрый Салодкі.

Амаль 23 гады бяззменнага кіравання Аляксандра Лукашэнкі, а месцаў і галінаў, дзе трэба наводзіць парадак, – неймаверная колькасць. Гэта вынікае са звароту кіраўніка краіны да народу і парламенту.

Пад крытыку Лукашэнкі трапіла праграма здаровага ладу жыцця – паводле кіраўніка, палова моладзі прызыўнога ўзросту не годная да войска.

Да таго ж Лукашэнка прапаноўвае пачынаць заняткі ў школе ад 9-ай раніцы. Маўляў, малодшы сын скардзіцца, што не высыпаецца.

Шмат увагі надаў Лукашэнка міжнародным падзеям. І прапанаваў Менск як пляцоўку для глабальных перамоваў. Дзе, паводле Лукашэнкі, можа нарадзіцца паразуменне моцных краінаў. Але Менск ужо пляцоўка перамоваў. Праўда, не вельмі паспяховых.

Таму і рыторыка адпаведная. Папрокі ў стылі: вы нас крытыкуеце за разгоны акцыяў, а самі труціце дэманстрантаў газам. Не забыўся кіраўнік і пра баевікоў, якія нібыта прарываліся ў Беларусь з-за мяжы.

Абрынуўся з крытыкаю і на незалежныя медыі, якія згодна з Лукашэнкам, цытата, «вялі сёлета правакацыйную дзейнасць і парушалі журналісцкую этыку». Паводле палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, падобныя выпады – рэакцыя на працу медыяў у час пратэстаў. Калі і «Белсат», сярод іншых, паказваў у жывым эфіры затрыманні людзей і распавядаў пра рэальную колькасць пратэстоўцаў.

Акрамя зачысткі незалежных медыяў, паводле эксперта, зразумелым пасылам з прамовы Лукашэнкі стаўся і факт згортвання гэтак званай «лібералізацыі», якая толкам гэтак і не пачалася.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары