Аб'ектыў 22.01.2018 Лес у Бараўлянах знішчаць, нягледзячы на пратэсты?


Бараўлянскі лес пад пагрозаю знішчэння. «Белсат» атрымаў аўдыязапіс з сустрэчы дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалогіі і чальца Савету Рэспублікі Алега Суконкі з ягонымі падначаленымі. На запісе, паводле яго аўтараў, сам Алег Суконка абураецца з пазіцыі мясцовых жыхароў і актывістаў, якія абараняюць Бараўлянскі лес – менавіта на яго месцы павінныя былі паўстаць комплекс пабудоваў і магістральная дарога.

«Спатрэбіцца і вашая дапамога, каб заблакаваць усе гэтыя дзеянні. Бо я лічу, што гэта дзеянні супраць усіх вас, хто працуе ў Бараўлянах і жыве. А там добры план развіцця Бараўлянаў, які не зацвярджаецца праз гэтых», – сказаў Алег Суконка.

Гэтыя словы абурылі жыхароў Бараўлянаў

Яны сёлета дамагліся перагляду генеральнага плану, што прадугледжваў амаль поўнае знішчэнне Бараўлянскага лесу дзеля будоўлі новых аб’ектаў.

Летась у чэрвені больш за 7 тысяч чалавек падпісаліся за будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў у Бараўлянах, але ў той жа час супраць пракладання транзітных вуліцаў і дарог і далейшага ўшчыльнення шматпавярховай забудовы.

«У Бараўлянах, на самой справе, вельмі шмат месцаў, дзе можна будаваць жыллё для медыцынскіх супрацоўнікаў. У Бараўлянах шмат месцаў, дзе можна ставіць садкі і школы. Мы гэтыя месцы паказваем і пастаянна прапаноўваем», – даводзіць мясцовы актывіст Вадзім Трафілоўскі.

«Мы не ідзем на канфлікт. Мы проста намагаемся паказаць, што так не выгадна, немэтазгодна», – тлумачыць кандыдат у дэпутаты Аляксандр Рос-Анашэнкаў.

Актывісты цвердзяць, што не збіраюцца спыняць будоўлю

Аднак яны хочуць дамагчыся захавання лесу, а таксама абмеркавання ўсіх рашэнняў уладаў пра далейшую забудову з мясцовымі жыхарамі.

«Каб быў складзены той генплан, які падабаўся бы менавіта людзям. Які б улічваў нашыя інтарэсы, а не інтарэсы нейкіх незразумелых ці то забудоўшчыкаў, ці то чыноўнікаў. Вось такая асноўная думка і такі асноўны мэсідж мы нясем»,– распавяла яшчэ адна кандыдатка ў дэпутаты Вольга Беляўцова.

Аднак на сённяшні момант застаецца адкрытым пытанне, ці сапраўды мясцовае кіраўніцтва хоча слухаць жыхароў Бараўлянаў?

Зміцер Міцкевіч, «Белсат», фота: Дар’я Буракіна / TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары