Адмовіцца ад штучных кветак. З гэткім заклікам выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
«Штогод пасля святаў на палігоны цвёрдых камунальных адходаў вывозяць каля мільёна пластыкавых кветак. Тэрмін іх раскладання – ад ста да пяцісот гадоў».
Пры гэтым для другаснага перапрацоўвання штучныя кветкі не пасуюць.
«Шкада, што да гэтага часу продаж гэтых кветак не забаронены. Бо і вытворчасць іх вельмі атрутная, і не важна, у якой краіне вырабляюцца кветкі, усё роўна ў цэлым глабальна на навакольнае асяроддзе ўплыў вельмі вялікі», – кажа Алена Штык-Бажко з кампаніі «Гарадскі Ляснічы».
Таму многія шукаюць альтэрнатыву штучным кветкам. І гэта неабавязкова кветкі жывыя.
«Я, напрыклад, на могілках бабулі і дзядулі стала рабіць па-старому: проста павязваць прыгожыя стужкі. Гэта было раней, гэта рабілі людзі, і некаторыя дагэтуль робяць. Можа проста вярнуць гэтую традыцыю», – падзялілася Іна Хоміч, жыхарка Берасця.
«Можна высадзіць звычайную траву, можна высадзіць шматгадовыя кветкі. Можна высадзіць расліны кшталту каменяломніку, з шчыльным лістом, якія не патрабуюць пастаяннага паліву. Ёсць што прыдумаць», – кажа Алена Штык-Бажко.
Штучныя кветкі – таннейшыя за жывыя, да таго ж яны не патрабуюць догляду. Мода на іх у Беларусі зʼявілася ў 90. Што ж пра выкарыстанне пластыкавых кветак думаюць берасцейцы? Меркаванні падзяліліся:
«Усе людзі ставяць, прыгожа».
«Яны вельмі псуюць вонкавае асяроддзе, цяжка раскладаюцца, і людзі менш прыкладаюць намаганняў, каб даглядаць за сваімі магілкамі».
«Чым зручныя штучныя? Доўга стаяць, а жывыя трэба паліваць. Вядома, шкада прыроду, але і нас таксама шкада».
«Трэба гэтую справу спыніць. Таму што ўявіце, колькі смецця? Я ўжо даўно задумалася, трэба гэтую справу спыніць».
Летась у Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя даслалі петыцыю з заклікам забараніць продаж пластыкавых кветак. Міністэрства адказала, што ініцыятыву падтрымлівае, але забараніць продажу не можа, гэта не ў яго кампетэнцыі.
Пакуль што на могілках пераважаюць стракатыя штучныя кветкі. Ужо праз год яны могуць пераўтварыцца ў тоны смецця і зрабіцца неразвязальнаю праблемаю для нашае прыроды.
Алесь Ляўчук, «Белсат»
Фота: Ірына Арахоўская