Куды звяртацца, калі блізкі чалавек не вярнуўся дамоў?


Пайшоў з дому і не вярнуўся. Да каго звярнуцца, каб пошукі блізкае асобы распачаліся адразу? Міліцыя распачне іх праз содні пасля знікнення, а Следчы Камітэт завядзе справу праз 10 дзён, калі яна датычыць знікнення дарослай асобы. У першую чаргу звязвайцеся з валанцёрамі пошукава-ратаўнічага атраду «Анёл».

Сабака – па магчымасці, яскравы жылет і компас – абавязковыя для кожнага ўдзельніка пошукавай аперацыі ў лесе. Маладой камандзе Віцебскай філіі ратаўнічага атраду «Анёл» ёсць чаму павучыцца.

Людміла Раковіч, валанцёрка віцебскага «Анёлу»:

«Пачалося ўсё з расклейвання ўлётак, потым па горадзе шукалі, цяпер вось ужо збіраемся і ходзім на вучэнні, бо разумеем: неўзабаве лета, грыбы ды ягады, будзе патрэбная нашая дапамога».

У пошуку дароў прыроды заблукаць не складана, асабліва ў незнаёмым лесе. Распавядае Ірына Траццякова, сябра каардынацыйнай рады віцебскага «Анёлу»:

«Ніколі нельга прагназаваць, у якім кірунку пайшло дзіця, пайшло яно ці недзе затаілася. Калі губляюцца людзі ў сталым веку, мы кажам пра тое, што час на пошукі моцна скарочаны, бо ў любых умовах, будзь то перасечаная мясцовасць ці гарадская, пажылыя асобы маюць меншы рэзерв здароўя».

Ірына Траццякова – адна з чацвярых каардынатараў Віцебскага «Анёлу», гэтак рашэнні прымаюцца больш грунтоўна і хутка – у дыскусіі. Да ўвагі прымаецца пара году, акалічнасці, псіхічныя асаблівасці зніклага. Стратэгію выбудоўваюць у залежнасці ад складу каманды. Сяргей Сабалеўскі, старэйшы пошукавых групаў віцебскага «Анёлу»:

«Чым больш людзей, і чым большая частка з іх асобы дасведчаныя, тым хутчэй знойдзецца чалавек. Асабліва калі цяпер згубіўся ў грыбах дзяцёнак, а нават і дарослы і трэба хутка дзеяць».

Група з дваццаці добраахвотнікаў аб’ядналася ў атрад неўзабаве пасля стыхійных пошукаў у студзені жыхаркі Віцебску Вольгі Лазарэнкі, 1955 году нараджэння:

«Папросту не мог застацца абыякавым. Я ў прынцыпе і цяпер гатовы ў любы час адгукнуцца і паехаць куды трэба», – кажа Сяргей Пагарэлы.

Дапамога патрэбная паўсюль. Штогод у Беларусі знікаюць без вестак 10-12 тысячаў чалавек. Большая частка такім чынам змяняе жыццё, хаваецца ад Закону ці робіць на злосць блізкім – цвердзіць міліцэйская статыстыка. «Анёл», які дзее па ўсёй краіне, не спрабуе дыягназаваць прычыны. Ёсць заяўка праз тэлефон ці інтэрнэт-старонку angel-search.by – трэба шукаць.

«Толькі за кошт інфармавання, актыўнай інфа-атакі, можна чалавека знайсці. Гэта праца, разлічаная на сведкаў, на відэакамеры, якія дазваляюць пабудаваць маршрут перасоўвання згубленага чалавека. Гэта дае вялікі шанец знайсці чалавека жывым», – гаворыць Ірына Траццякова.

«Анёлаўцы» бралі ўдзел у нядаўніх пошуках 2-гадовага Вані Валошына з Камянецкага раёну, і ў не менш рэзанансных пошуках 10-гадовага Максіма Мархалюка два гады таму ў Белавежскай Пушчы.

Добраахвотнікі не чакаюць узнагароджанняў. Але не супраць дапамогі: бракуе спецадзення, абсталявання для пошукаў і ахвочых далучыцца.

Юлія Цяльпук, belsat.eu