Аб'ектыў 30.07.2017 Куды імкнуцца з’ехаць беларусы і што ім там пагражае


Сёння ў свеце адзначаецца Дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Між тым цікавая гэтая дата не толькі сваім «маладым узростам» – у міжнародны каляндар яна трапіла толькі ў 2014-м годзе, але і тым, што ініцыявала яе Беларусь. Паводле кіраўніцы праграмы «Ла Страда» Алены Несцярук, адна з асноўных праблемаў і ў Беларусі, і ў свеце сёння – працоўная эксплуатацыя.

«У еўрапейскіх і іншых краінах, як мы бачым, адна з асноўных праблем – гэта тое, як выявіць ахвяры, якія пацярпелі менавіта ад працоўнай эксплуатацыі. Гэта крыху іншы падыход, і гэта таксама адна з праблемных сфераў у нас у Беларусі, над якой трэба працаваць і грамадскай супольнасці, і дзяржаўным арганізацыям», – кажа Алена Несцярук.

Паводле розных падлікаў, на заробкі за мяжу выехалі прынамсі сотні тысяч нашых суайчыннікаў. Пры гэтым, паводле «Ла Страды», апошнія гады беларусы ўсё часцей імкнуцца не за ўсходнюю, а за заходнюю мяжу.

«У Расеі зараз эканамічны крызіс, а ў Польшчы – каля 15-ці гадоў бесперапыннага эканамічнага росту. Мы бачым, як у Расеі заробкі змяншаюцца, а ў Польшчы яны растуць – вось і ўсё! Галоўная прычына – эканамічная. Ну і таксама мы ведаем выпадкі, калі беларусам не плацяць абяцаныя заробкі ў Расеі, калі яны часам нават трапляюць у працоўнае рабства», – адзначае прадстаўнік цэнтру “Eurasian states in transition” Андрэй Елісееў.

Зрэшты, і ў Польшчы часам даводзіцца нясоладка, папярэджваюць як эксперты, гэтак і ўласна нашыя суайчыннікі. Будаўнік Юрый з Новалукомлю шмат гадоў працаваў у Маскве, аднак затым перабраўся ў Варшаву.

«Працаваў я хіба з месяцаў пяць з украінцамі – сварыўся вельмі моцна! Атрымліваецца пасярэдніцтва. То бок дырэктар плоціць украінцу-майстру грошы, а ўжо майстар размяркоўвае. Кідалава не было, але было гэтак: табе менш грошай, ты агрызаешся – табе таксама менш грошай, а ты сцелешся – ну добра, табе больш!», – распавядае будаўнік з Беларусі Юрый Морскі-Унсовіч.

Між тым, звяртацца па дапамогу беларускія гастарбайтары не спяшаюцца: занадта свежыя ў памяці неаднаразовыя спробы дзяржавы абкласці падаткамі і тых грамадзянаў, якія не знайшлі працы на радзіме. Дарэчы, неўзабаве ў Маладзечне ўлады збіраюцца зладзіць пробны перапіс насельніцтва, у якім сярод іншага спытаюць і пра жаданне з’ехаць з краіны. «Белсат» пастанавіў не марудзіць і выйшаў з гэтым пытаннем на вуліцы сталіцы.

Жыхары Менску кажуць:

«Калі б была добрая магчымасць і перспектыва, то, канешне ж, паехаў бы!»
 
«У Нарвегію пачасаў бы, магчыма, бо там узровень жыцця палепейпацікавей. А так – і тут можна працаваць. Праз Інтэрнэт».

«Мяне тут нічога не трымае. Калі трапіцца добрая праца, то я магу з’ехаць. А так… Пакуль я сябе тут добра адчуваю, я нікуды не збіраюся».

«Куды менавіта? У якую-небудзь нерасейскамоўную краіну, каб самому развівацца ў іншым асяроддзі. Ну і атрымліваць добрыя грошы».

Зрэшты, усё больш аддаюць перавагу Захаду беларусы не толькі і не столькі з-за доўгага еўра, але і з-за таго, што на радзіме не купіш ані за якія грошы.

«Сюды ў Польшчу ехаць зарабляць не мае сэнсу абсалютна! Сюды ёсць сэнс пераехаць жыць. Тады так, калі ты не поўнае быдла, то табе тут будзе цікавей жыць!», – кажа Юрый Монскі-Унсовіч.

А таму каб абараніць уласных грамадзянаў ад эксплуатацыі і рабства за мяжою, уладам Беларусі варта пазбыцца яго і ўласна ў нашай краіне.

 

Валер Руселік, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары