Аб'ектыў 22.08.2017 Крызіс рынку нерухомасці: кошты абрынуліся, будоўлі спынілі


Амаль у два разы менш, чым год таму, і ў паўтара разу менш, чым у папярэднім месяцы. Гэтак, паводле Белстату, скарацілася ў Беларусі жыллёвае будаўніцтва па выніках ліпеня. Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на гэтую тэндэнцыю паказальнаю вымовай ураду.

«Калі нехта хоча згарнуць будаўніцтва жылля ва ўрадзе, я ім раю неадкладна перайсці ў аднапакаёвыя, двухпакаёвыя кватэры з семʼямі, або пайсці зняць кватэру па найме і жыць з гаспадарамі», – зазначыў кіраўнік Беларусі.

Паводле леташняй пастановы Саўміну № 325, сёлета фінансаванне будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай скарацілася ў два з паловай разы.

«Сёння ўзровень рэальных даходаў насельніцтва не дазваляе развівацца першаснаму будаўніцтву. У Менску, калі пра Менск казаць, вельмі мала, у прынцыпе, гатовых будаўнічых пляцовак», – распавёў Павел Астапеня, дырэктар агенцтва нерухомасці «Эксперт».

Чаго чакаць далей?

Па выніках першых сямі месяцаў году, жыллёвае будаўніцтва ў Беларусі скарацілася на 7% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Нягледзячы на гэта кошты нерухомасці працягваюць абвальвацца. Адмыслоўцы прадказваюць, што так будзе і надалей.

Пры гэтым кошты нерухомасці ў Менску – найвышэйшыя ў СНД пасля Масквы і Пецярбургу. Паводле нашых крыніцаў на рынку, прычына ў тым, што, у апошнія гады, дзяржаўныя трэсты манапалізавалі будаўніцтва панэльных дамоў і, з прычыны адсутнасці канкурэнцыі, працуюць паводле істотна завышаных коштаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Tolochko Viktor / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары