Крымінальная хваля ад Следчага камітэту


Хваля новых арыштаў і крымінальных справаў аб масавых беспарадках. У Берасці міліцыянты затрымліваюць футбольных фанатаў каманды «Дынама-Берасце» з абвінавачваннямі, што яны нібыта ўжывалі фізічны гвалт супраць працаўнікоў унутраных справаў яшчэ ў жніўні. І спіс падазраваных у крымінальных справаў ужо ідзе на сотні.

Што ні дзень, то новыя справы. Міліцыянты затрымалі менчука ўзростам 21 год, адміністратара тэлеграм-каналу «Минск. Перекрытие дорог». Затрыманы нібыта распрацоўваў блакаванне транспартных артэрыяў, раздаваў інструкцыі і задачы. Арышт, крымінальная справа, артыкул 342 крымінальнага кодэксу – арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак – да трох гадоў турмы.

Паводле таго ж артыкулу за нядзельны Марш «Дзяды» ў Менску міліцыянты затрымалі і прызналі падазраванымі адразу 231 чалавека. Гэта метад запалохвання, кажа праваабаронца Гары Паганяйла з Беларускага Хельсінкскага камітэту.

«Нават перакрыццё вуліцаў не з’яўляецца грубым парушэннем грамадскага парадку. Міліцыя, якая мусіць ажыццяўляць і рэгуляваць рэалізацыю права на мірны пратэст, мусіла проста перанакіраваць рух транспарту па іншых транспартных галінах, калідорах».

Сярод затрыманых у нядзелю былі і журналісты «Белсата», у тым ліку аператары Зміцер Краўчук і Зміцер Солтан. Іх таксама падазраюць у арганізацыі масавага парушэння парадку. Солтана моцна збілі ў аўтазаку, мабільны тэлефон забралі, а камеру разбілі аб галаву. У нашага калегі пасля затрымання не рухаецца рука, але Змітра адправілі ў ізалятар на Акрэсціна на 13 дзён.

«Журналісты, якія выконваюць свае прафесійныя абавязкі на масавых акцыях, не здзяйсняюць ні адміністратыўнага правапарушэння, ні тым больш крымінальнага. Гэта таксама спосаб запужаць, даць сігнал, каб журналісты не выходзілі на масавыя акцыі, не фіксавалі разгоны дэманстрацыяў з ужываннем грубай сілы», – падкрэслівае Гары Паганяйла.

Непрапарцыйнае ўжыванне сілы, вадамёты, спецсродкі і тым больш страляніна па пратэстоўцам пластыкавымі кулямі і святлошумавымі гранатамі – не адпавядаюць дзеянням удзельнікаў пратэстаў, кажа Гары Паганяйла.

А жыхары Менску паведамляюць «Белсату», што АМАП у масках і з баявой зброяй у руках пачаў разганяць не толькі акцыі пратэсту, але і вечаровыя сходы ў дварах. Таксама ўзброеных аўтаматамі міліцыянтаў бачылі каля Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Навошта гэтыя маскі і зброя?

«Яны хочуць гэтым запалохаць тых людзей, з якімі сустракаюцца, нават не пратэстоўцаў, а простых жыхароў двароў, якія ладзяць сустрэчы. А па-другое, яны самі баяцца, яны не ходзяць па-аднаму, яны жывуць у атмасферы страха і разумеюць, што большасць грамадства іх ненавідзіць», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Не без падставаў. Гэтыя хлопцы пазнаёміліся ў карцары ізалятара на Акрэсціна, пасля мірнага маршу 27-га верасня. Іх моцна збілі падчас затрымання і пазней у міліцэйскім аўтобусе, а за кратамі трымалі без вады і медычнай дапамогі.

«Калі адчыняў дзверы ў ГЦ, мне нанеслі некалькі ўдараў у патыліцу. Я абярнуўся, пабачыў людзей у чорнай масцы… Мне нанеслі шмат удараў у галаву. У мяне было надарванае вуха, з яго цякла кроў», – распавядае Дзмітрый.

«Давалі панюхаць нашатыр, ставілі ногі на грудную клетку ды білі па твары і геніталіях, пагражалі зрабіць клізму і выкінуць за Курапатамі», – так спрабавалі прывесці ў прытомнасць Юрыя Шафранскага.

Для Аляксандра Лукашэнкі і верных яму чыноўнікаў усе гэтыя дзеянні – законны адказ на спробу «каляровай рэвалюцыі», інспіраванай Захадам.

«Мы можам эфектыўна процістаяць знешнім выклікам і пагрозам, забяспечыць унутрыпалітычную стабільнасць, не дапусціць грамадзянскага расколу і самавольства асобных радыкальных элементаў», – заявіў Лукашэнка амбасадарам на прыёме.

Але насамрэч ніякага расколу грамадства няма, кажа Віталь Цыганкоў.

«70-80% як мінімум ненавідзіць гэтую ўладу і гэта абсалютна нестандартныя для любога грамадства такія суадносіны, калі ёсць у абсалютнай большасці неўспрыняцце гэтай улады. Таму сапраўды, расколу няма, ёсць прэзідэнт АМАПу і астатні беларускі народ», – усміхаецца палітычны аглядальнік.

Як адзначае Віталь Цыганкоў, рэжым Лукашэнкі практычна ператварыўся ў паўваенную хунту, дзе не дзейнічаюць асноўныя правы і свабоды грамадзян. І відавочна, што сілавікі штурхаюць удзельнікаў мірных пратэстаў да гвалтоўных дзеянняў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».