Крэмль шукае саюзнікаў


«Русский мир» – гэта не толькі зялёныя чалавечкі, але і людзі ў дарагіх пінжаках. У Горадні прайшоў з’езд грамадскай ініцыятывы «Саюз», створанай з падачы расейскага нацыяналістычнага палітыка Сяргея Бабурына пры фінансавым падтрыманні Масквы. Што гэта за арганізацыя і якія яе мэты?

Зрабіць 17-га верасня, дзень нападу СССР на Польшчу і ўступлення Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, дзяржаўным святам – з такою прапановаю выступілі дзеячы грамадскай ініцыятывай «Саюз». З’езд арганізацыі днямі прайшоў у Горадні. Узначальвае яе вядомы расейскі нацыяналіст Сяргей Бабурын, а сваймі мэтамі «Саюз» называе аб’яднанне Беларусі ды Расеі. Сяргей Бабурын, заснавальнік ініцыятывы «Cаюз»:

«Захад робіць тытанічныя намаганні для расколу ўсходніх славянаў, нацкоўвання іх адзін на аднаго […]. Мы заклікаем усіх патрыётаў, людзей добрай волі стаць адзіным фронтам супраць разбуральных планаў ЗША ды іх еўрапейскіх саюзнікаў».

Гэта ўжо другі з’езд арганізацыі з удзелам Бабурына за апошнія тры месяцы. Устаноўчы сход «Саюзу» прайшоў у ліпені. У ім удзельнічалі праваслаўныя актывісты, сябры руху «Русь маладая», партыяў ЛДПБ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці ды партыі левых «Справядлівы свет».

Цікава, што ніхто з беларускага чынавенства на з’ездах арганізацыі не прысутнічаў. Мікалай Петрушэнка, сябра ініцыятывы «Саюз»:

«Чыноўнікі глядзяць у рот Лукашэнку. Калі Лукашэнка не сказаў сустракацца з Бабурыным, то які чыноўнік рызыкне?»

Прарасейскія арганізацыі актывізавалі сваю дзейнасць у рэгіянальных цэнтрах: Горадні, Віцебску, Гомлі – адзначаюць беларускія эксперты. Менавіта ў рэгіёнах, значна бяднейшых за сталіцу, Крэмль шукае сілаў, на якія можа абаперціся. Вольга Харламава, палітолаг (Менск):

«Будуць прыязджаць, будуць спрабаваць перацягнуць на свой бок менавіта вялікія гарады. Я думаю, што ў бліжэйшы час гэта будзе штосьці кшталту Баранавічаў і Бабруйску».

Аднак, на думку экспертаў, грамадскія арганізацыі, у шэрагах якіх – некалькі дзясяткаў чалавек, пакуль не ўяўляюць пагрозы для беларускай дзяржаўнасці. Галоўным правадніком ідэяў расейскага нацыяналізму застаецца тэлебачанне. Расея заўсёды прапаноўвае дапамогу, а незалежніцкія рухі прыносяць адсталасць і хаос – кажуць навіны федэральных каналаў. Праўда, апытанні паказваюць, што расейскаму тэлевізару верыць пераважна старэйшае пакаленне:

«Я супастаўляю меркаванні ў інтэрнэце з тым, што кажуць на расейскім тэлебачанні. А вось тэлебачанне «Хахлагандураса» – поўная хлусня!»

«Я бачу толькі тое, што паказвае наша тэлебачанне. У нас жа «РТР – Беларусь». Таму я давяраю».

«Яны зараджаныя на прапаганду. Мне гэтага не трэба».

«Тэлебачання не гляджу».

«На 90 працэнтаў давяраю. На 10 – не. Калі-нікалі – так, калі-нікалі – не. НТВ увогуле не магу глядзець».

«Я ўвогуле ўсяму таму, што паказваюць на тэлебачанні, не давяраю. І не важна – расейскае яно, украінскае ці еўрапейскае».

На думку экспертаў, пасля збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ўлады Беларусі ўбачылі ў расейскім нацыяналізме і яго адэптах пагрозу. Праўда, рэакцыя на «Русский мир» мінімальная – лічаць адмыслоўцы. Уважлівы назіральнік мог адзначыць толькі працэс супраць публіцыстаў агенцтва «Рэгнум» і знікненне з беларускага эфіру двух ток-шоу, у якіх крытыкавалі ўлады нашай краіны. Дзяніс Івашын, праект Informnapalm.org:

«Спакойна гэтыя дзеячы, архітэктары «русской весны», прыязджаюць у Беларусь, ніякіх перашкодаў ім няма. Наадварот, мы бачым далейшую палітыку русіфікацыі, асабліва ў адукацыйным працэсе. Мы бачым ганебнае стаўленне да мемарыялу ў Курапатах».

Шмат гадоў Лукашэнка меў у Беларусі манаполію на сяброўства з Расеяй. Атакі расейскіх СМІ ды гандлёвыя канфлікты апошніх гадоў паказваюць, што кіраўнік Беларусі губляе сімпатыі Крамля. На думку апытаных экспертаў, Расея пачала шукаць сабе ў Беларусі новых саюзнікаў, якія дазволяць націснуць на Лукашэнку ці нават зрэалізаваць «данбаскі сцэнар».

Аляксандр Папко, belsat.eu