Бізнесовец Кныровіч: $ 20 млн долараў. Прыкладна столькі каштуе новая рэзідэнцыя Лукашэнкі ў Шаршунах


Новыя сведкі, новыя здымкі, эксклюзіўная інфармацыя. «Белсат» працягвае сачыць за пабудовай сядзібы «Краснасельскае» недалёка ад паселішча Шаршуны ў Менскім раёне. Усё больш фактаў сведчыць пра тое, што гэтаю рэзідэнцыяй будзе карыстацца менавіта Аляксандр Лукашэнка.

На пабудову Палацу Незалежнасці, які па словах Аляксандра Лукашэнкі падкрэслівае непахіснасць беларускай дзяржаўнасці і незалежнасці, беларускі бюджэт выдаткаваў не менш за $ 135 млн. Будаўнічыя працы завяршыліся ў 2013 годзе, тады ж, згодна з інфармацыяй, якую атрымаў «Белсат» пачалася будова наступнае імавернае рэзідэнцыі кіраўніка краіны – «Краснасельскае».

Галоўная сядзіба. Паводле сведкаў, унутры ўсё абсталяванадля гаспадара

«Наўрад ці гэтая сядзіба для Гуцэрыева, – падкрэслівае журналістка Святлана Калінкіна. – Першае, гэта сведчанні жыхароў, якія кажуць пра картэж кіраўніка краіны. Не думаю, што Лукашэнка працуе прарабам на будове Гуцэрыева і ездзіць глядзець за хадою будовы. Другое, гэта колькасць аховы і міліцыі, Гуцэрыеў не зможа сабе столькі гарантаваць. Трэцяе, гэта факт, што людзей заганяюць за платы, нават у Расеі для алігархаў так не робяць. Ну і чацвёртае, ёсць дакументы, дзе нават пазначана, якія пакоі ў рэзідэнцыі трэба аддаць ахове прэзідэнта Беларусі».

Новая рэзідэнцыя для расейскага алігарха?

У СМІ зʼяўляюцца і пэўныя абвяржэнні таго, што комплекс пад Шаршунамі будуюць для Аляксандра Лукашэнкі. Інтэрнэт выданне TUT.BY са спасылкай на ананімнага бізнесоўцу сцвярджае, што «Краснасельскае» гэта цытата: «аздараўляльны комплекс або рэзідэнцыя для адпачынку» расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, якога з Аляксандрам Лукашэнкам звязваюць сяброўскія адносіны.

Аднак мясцовыя жыхары падчас рыхтавання мінулага матэрыялу пацвярджалі, што Лукашэнка асабіста прыязджае сюды.

«Мы высыпалі тут усе на двор, памахалі яму, ён нам пасігналіў, назад ехаў, запомніў, дзе мы стаялі, зноўку пасігналіў», – гаворыць жыхарка Шаршуноў.

Як сямʼя Лукашэнкі звязаная з «Краснасельскім»?

З прозвішчам «Лукашэнка» «Краснасельскае» звязана і яшчэ адным чынам: па нашай інфармацыі генпадрадчыкам будовы сядзібы ёсць фірма «Ю-строй», даччыная структура групы кампаніяў Юнівест-М, беларускага алігарха Анатоля Тарнаўскага. Менавіта ў «Юнівесце» намеснікам генеральнага дырэктара па маркетынгу працуе Ганна Лукашэнка – жонка сярэдняга сына кіраўніка Беларусі Дзмітрыя. Як пісалі раней медыі, спадарыня Ганна асабіста ўдзельнічае ў прэзентацыях праектаў кампаніі ў сферы нерухомасці.

«Рыхтуюцца запасныя аэрадромы, калі дзяржаўная ўласнасць пераводзіцца ў прыватную ўласнасць, прычым на нейкіх трэціх асобаў, то ў крытычны момант, напрыклад, падчас уцёкаў з краіны, гэта ўсё лёгка прадаць. Новыя ўлады перад інвестарам, а Гуцэрыеў для Беларусі інвестар, будуць вымушаныя выкупляць гэтую сядзібу», – падкрэслівае Калінкіна.

Тым часам «Краснасельскае» паўстае стаханаўскімі тэмпамі. Яшчэ ўлетку брудную пляцоўку будовы ахоўвала адна асоба ў будцы. Праз няпоўныя паўгода тут дзяжурыць міліцыя, фасады ўжо ўпрыгожаныя белымі калонамі а самыя будынкі, прынамсі звонку, выглядаюць на скончаныя.

Як выглядаюць «Шаршуны» за плотам

Падраднік, «Краснасельскае»:Няспынна былі планёркі, на іх збіралі ўсіх падраднікаў, за спазненне, за адтэрміноўкі даволі жорстка іх усіх… ажно да пагрозаў, што мы вашую фірму закрыем, і ўсё такое.

Белсат: А хто праводзіў планёркі?

Падраднік, «Краснасельскае»:Я, шчыра кажучы, не вельмі ведаю, там былі асобы з кіраўніцтва справаў прэзідэнта, але хто канкрэтна, не скажу.

І хоць замоўцам усяго комплексу выступае кампанія «Сертусавія» а будынкі, нібыта належаць кіпрскаму афшору «Блатберг Холдынгс Лімітэд», афіліраваным з мільярдэрам Гуцэрыевым, сапраўдны замоўца, кім бы ён не быў, грашыма не смяціць, дадае асоба адказная за частку працаў на «Краснасельскім».

Гасцёвы дом з заляй для прыёмаў

Мінімум некалькі мільёнаў долараў

«Спачатку праект малявалi прыгожа, але каб было прыгожа, трэба было заплаціць адну суму, але з кожным узгадненнем праекту атрымлiвалася ўсё танней i танней. Ну i ў прынцыпе атрымалася, як атрымалася. Можна было зрабiць лепш, але атрымалася нядорага. Матэрыялы стандартныя для такіх працаў – не танна, не дорага», – распавядае адзін з падраднікаў.

«Шаршуны» па-за плотам

Можа і так, але нават па самых сціплых падліках, агульная плошча ўсіх пабудоваў на 10 гектарах сядзібы перавышае 10 тысячаў квадратных метраў. Заліць самыя фундаменты, ды паставіць пустыя «каробкі» такіх памераў ужо цягне на лічбу з шасцю нулямі ў доларавым эквіваленце. Да гэтага трэба дакласці земляныя работы і падвод камунікацыяў.

«Шаршуны» па-за плотам. Будаўнікі працуюць

І нават гэта не ўсё. Застаецца ўнутраная аддзелка, мэбля, абсталяванне, і нават посуд, які, напрыклад, для Палаца Рэспублікі абышоўся ў $ 250 тыс.

Ігар Кулей, Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»