Клімавічы: Ані працы, ані заробку, а паездкі ў Расею не заўсёды ратуюць


Пенсіянерка з Клімавічаў збірае бутэлькі, каб разам з пенсіяй грошай хапіла на жыццё сабе ды сыну, што вярнуўся з войска. Сын спадарыні Таццяны разлічвае, што ПМК, куды ён спрабуе ўладкавацца на працу, выйграе тэндар на будову. Інакш яму давядзецца папоўніць шэраг клімавіцкіх беспрацоўных. Бо знайсці працу ў шаснаццацітысячным горадзе складана.

Большасць прадпрыемстваў у Клімавічах цягам апошніх дваццаці гадоў значна скараціла лік працаўнікоў. Зменшыліся і заробкі ў тых, каму пашчасціла не стаць беспрацоўным. Сёння клімаўчане пераважна атрымліваюць заробак, блізкі да мінімальнага, – Br 230.

Едуць у Расею, часцяком – марна

У пошуках спосабаў пракарміць сямʼю клімавіцкія мужчыны спрабуюць выехаць на працу ў блізкую Расею.

«Працаваў майстрам ПМК – заробак нікудышны. У Расеі адкрыў свой бізнес, працую. Ніякіх праблемаў абсалютна, плачу падаткі і ўсё», – дзеліцца станоўчым досведам Анатоль Верабей, былы жыхар Клімавічаў.

Але досвед мясцовых гастарбайтараў паказвае, што з працай у Расеі шанцуе не заўсёды.

«А што Расея – Расея таксама не кожны раз аплочвае працу. Бывае добра, а бывае і кепска, таксама не ўгадаеш», – кажа мінак.

Дайце $ 500 і людзі застануцца ў Беларусі

Клімаўчане адзначаюць, што заробку $ 500, які ўжо каторы год улады абяцаюць беларусам, цалкам хапіла б на годнае жыццё ў ціхім спакойным горадзе. Але каб тое абяцанае ды мець!

«Я ведаю, што сітуацыя вельмі кепская. Была б тут добрая праца, і я б атрымліваў Br 1000 – нікуды б не ездзіў», – тлумачыць Анатоль Верабей.

Вось толькі добрай працы ў горадзе не прадбачыцца. Прынамсі бліжэйшым часам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»