Кітай – брат Беларусі, бо ў нас мала грошай


Дасюль Аляксандра Лукашэнку можна было ўбачыць пераважна ў коле расейскіх журналістаў. Сёння кіраўнік Беларусі першы раз сустрэўся з вялікаю групаю працаўнікоў кітайскіх медыяў. Лукашэнка казаў пра сусветныя выклікі, моцныя ды надзейныя дачыненні, а таксама пра тое, што больш блізкай Кітаю краіны, чымся Беларусь, у Еўропе не знойдзеш.

Ці беларусы сапраўды лічаць сябе і кітайцаў брацкімі народамі, справа сумнеўная. Эксперты задаюцца пытаннямі палітычнага сэнсу самой сустрэчы, а таксама словаў Лукашэнкі.

«Раней прыязджалі расейскія журналісты, а тут упершыню кітайскія. Гэта сімвалічна, таму што фактычна мяняецца галоўны геапалітычны партнёр. Расея дае ўсё менш грошай, а небяспекі з яе боку ўсё больш. А кітайцы, яны далёка, яны акупаваць Беларусь не будуць, гібрыдную вайну супраць нас таксама весці не будуць», – тлумачыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Эканамічныя праекты

Вялікія надзеі кіраўніцтва Беларусі ўсцяж звязвае з кітайска-беларускім індустрыйным паркам, які ствараюць каля Менску. Сёння Лукашэнка выказаў спадзяванні, што праект прынясе Беларусі $ 50 млрд. ад экспарту прадукцыі з гэтае пляцоўкі.

«Лічба $ 50 млрд. гучыць нерэалістычна перад усім таму, што ў «Вялікім Камяні» практычна няма інвестараў. На сённяшні дзень там будуецца толькі склад ды невялічкі заводзік для вытворчасці суперкандынсатараў», – распавядае эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Раней дзяржаўныя крыніцы рапартавалі, што Кітай увайшоў у тройку галоўных эканамічных партнёраў Беларусі. Паводле афіцыйных звестак, таваразварот паміж краінамі перакрочыў парог $ 3 млрд. яшчэ тры гады таму.

Альтэрнатыўны погляд на статыстыку

Беларускі экспарт у Кітай складае прыблізна $ 800 млн. Затое кітайскі імпарт налічвае амаль $ 2.5 млрд. Такое становішча спрыяе адтоку валюты з Беларусі.

«На сённяшні дзень казаць аб прыбытках супрацы з Кітаем увогуле не даводзіцца. Для таго каб былі прыбыткі з праектаў, якія фінансуюцца за кошт крэдытаў, трэба спачатку вярнуць гэтыя крэдыты, а пасля падлічваць прыбыткі. На сёння нельга сцвярджаць, што гэтыя прыбыткі па выніку будуць атрыманыя», – падлічвае аналітык Вадзім Іосуб.

Для афіцыйнага Менску лічацца іншыя прыбыткі

Як прызнаўся сёння Аляксандр Лукашэнка, эканамічная супраца з Кітаем адбываецца без выстаўлення з ягонага боку ўмоваў, што да будавання дэмакратыі ў Беларусі.

Далейшы крок у будаванні двухбаковых дачыненняў Лукашэнка плануе на саміце «Адзін пояс, адзін шлях», якія адбудзецца ў Пекіне ў сярэдзіне траўня. Паводле кіраўніка Беларусі, кітайская ініцыятыва – гэта, па сутнасці, перакройванне эканамічнай мапы свету.

Ян Бабіцкі, «Белсат»