КДБ прапускае праз мяжу тэрарыстаў?


З пачатку года ў Беларусі актывізаваліся арганізатары каналаў нелегальнай міграцыі. Як паведамляе Дзяржаўны памежны камітэт, ягоныя адмыслоўцы распачалі шэраг крымінальных справаў адносна беларускіх грамадзянаў і замежнікаў, што за грошы спрыялі незаконнаму транзіту людзей у Еўразвяз. У адну з гэтых крымінальных справаў аказаўся замешаны гомельскі актывіст. Вось толькі гомельскае і сталічнае аддзяленне КДБ у гэтай гісторыі паказала сябе з кепскага боку.

Турак прапанаваў гомельцу нелегальны бізнес

У інтэрнэце можна знайсці ўсё: і аднадумцаў, і суразмоўцаў для гарачых спрэчак, а часам і падпрацоўку. На пачатку лютага гомельскі актывіст Віталь Юрчанка, вядомы змаганнем супраць падатку на беспрацоўе, атрымаў праз інтэрнэт прапанову зарабіць на турызме. Пісаў замежнік, з Турцыі, з дапамогаю перакладчыцы. Аказалася, турызм быў прыкрыццём для курдскіх мігрантаў з Іраку.

«Размова ішла менавіта пра курдаў, якія будуць прыязджаць з Турцыі, як госці, афіцыйна, бо, паводле закону, яны могуць тут 5 дзён знаходзіцца, як турысты. А задача стаяла ў тым, каб арганізаваць незаконны канал для дастаўкі іх у Польшчу, а з Польшчы ў Нямеччыну», – узгадвае спадар Юрчанка.

Прапаноўвалі грошы за дапамогу з дакументамі, квіткамі ды кантактамі

Віталь не стаў звязвацца з крыміналам, а наадварот, пастанавіў выканаць свой грамадзянскі абавязак. Кажа, справа патыхала міжнародным тэрарызмам. Віталь напісаў замежнікам, што падумае, і звярнуўся па дапамогу да сябра, Кастуся Жукоўскага. Вядомы гомельскі журналіст-фрылансер распачаў уласнае журналісцкае расследаванне: каб паглядзець, як беларускія сілавікі робяць сваю працу.

«На старонцы КДБ я знайшоў, што менавіта КДБ займаецца гэтай справай, нелегальнай міграцыяй, і адразу ж у той дзень, праз паўгадзінкі, мы былі ў КДБ. Я яго завёў, распавёў сітуацыю, Віталь Юрчанка напісаў заяву ў КДБ», – узгадвае Кастусь Жукоўскі.

КДБ усё роўна?

Гомельскія контрвыведнікі без зацікаўленасці адрэагавалі на заяву ад людзей апазіцыйных поглядаў. Ніякіх аператыўных дзеянняў, толькі просьба чакаць.

«Гэта маглі быць звычайныя тэрарысты, і ніхто не рэагаваў. Цішыня была, поўнае бяздзеянне. Ніхто не прымаў удзелу. Акаўнт мой, які я прапаноўваў таксама перадаць для далейшай перапісцы і падтрымцы, ніхто не ўзяў. Выслухалі і ўсё: так-так, мы з вамі звяжамся», – сведчыць Віталь Юрчанка.

Злачынная групоўка не спала

Віталя папрасілі сустрэць турэцкага госця ў менскім аэрапорце і дапамагчы з бізнесам.

«Я патэлефанаваў у КДБ, сказаў, што кантрабандысты выходзяць на сувязь. Што ім далей казаць? Яны нам адказалі, што яшчэ ж 15 дзён не прайшло з вашага звароту, чакайце адказу. Для мяне гэта было вельмі дзіўна», – распавядае Кастусь Жукоўскі.

Сталічны аддзел КДБ таксама не рэагаваў

Жукоўскі ды Юрчанка звярнуліся ў Памежны камітэт. Там спрацавалі імгненна. Следства яшчэ ідзе, таму «Белсат» пакуль не можа распавесці ўсіх падрабязнасцяў. Але ў выніку памежнікі з дапамогаю гомельцаў перадухілілі стварэнне каналу міграцыі праз беларуска-польскую мяжу. А ў КДБ працягваюць займацца апазіцыяй ды акцыямі пратэсту супраць падатку на беспрацоўе. Ім так і прасцей, і бяспечней.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Віктар Талачко / Sputnik